Сэрца на далонi, частка 2
- Што вы робiце тут у такi час? - Але спахапiўся i пажартаваў: - Вашы равеснiцы даўно танцуюць. - Я была ў Зосi. - Вочы яе дзiўна блiснулi. - Яна расказвала, як ратавала вас... I пра сябе. Яраш падумаў: а цi правiльна ён робiць, што нi пра што не распытвае ў Зосi? А раптам... Не, не! Ён рашуча адганяў гэтую думку. Таму i не распытвае i рэдка пакуль што наведваецца, бо хоча пераканаць у першую чаргу яе (ды i сябе таксама!), што аперацыя гэтая звычайная i ўсё скончыцца найлепшым чынам. "Што яна расказвала пра сябе?" - хацелася яму спытаць у Машы. Але нешта стрымала яго. - Значыцца, больш яна не адносiцца да вас з падазронасцю? - Мне здаецца, мы пасябравалi. - Дзякую, Маша. - Няма за што, Антон Кузьмiч. - Яна апусцiла вочы, сказала: - Яна пыталася, цi знаёма я з Тарасам, - i раптам папрасiла: - Пазнаёмце мяне з Тарасам. Цяжка не здзiўляцца - такiя нечаканыя паведамленнi i просьбы ў гэтай дзяўчыны. Але гэтая просьба Ярашу спадабалася. - Прыязджайце ў нядзелю да нас на дачу. Пазванiце ранiцай доктару Майзiсу, у яго свая машына. Я запрашаў яго. - Дзякую, Антон Кузьмiч. Я магу iсцi? - Калi ласка, Маша... Нейкi момант ён стаяў у аперацыйнай, слухаючы, як недзе далёка ляпаюць дзверы. Потым рушыў у калiдор, на хаду развязваючы нарукаўныя матузкi халата. Перад сваiм кабiнетам спынiўся, хвiлiну пастаяў у задуме i... хутка пайшоў па доўгiм калiдоры, завязваючы матузкi. У тэрапеўтычным аддзяленнi ён пачуў, як адна дзяжурная сястра спалохана крыкнула другой: - Яраш! - I забегалi, замiтусiлiся. Ён нiколi не мог зразумець, чаму ў другiх аддзяленнях i клiнiках яго гэтак баяцца. Зося, у адной сарочцы, доўгай, пацямнелай ад часу i мыцця, сядзела каля акна i ела чарэшню, выплёўваючы костачкi на газету. Убачыўшы яго, яна войкнула, засаромелася, закрыла рукамi грудзi. Ад яе сарамлiвасцi i яму зрабiлася нiякавата. Год пятнаццаць ужо ён не адчуваў нiчога падобнага, заходзячы да хворых i застаючы iх у любым выглядзе. Ды i ўвогуле з iм было гэта толькi аднойчы: калi нарадзiўся iх першынец Вiктар i ён, студэнт-выпускнiк, наведаўся ў палату, дзе ляжалi парадзiхi. "Што ты закрываешся? - падумаў ён пра Зосю. - Столькi разоў я цябе аглядаў, выслухоўваў... Буду трымаць у руках тваё сэрца..." Прывiтаўся да ўсiх. У адзiн позiрк убачыў, што i другiя жанчыны накрываюцца коўдрамi, зашпiльваюць халаты, прычэсваюць валасы. Iх было ў палаце шэсць чалавек. Дзiўная жаночая псiхалогiя! Сарамлiвасць iх залежыць ад часу i абставiн. Яраш спытаў у Зосi, як пытаюць усе лекары ў сваiх пацыентаў: - Як мы адчуваем сябе? - Добра, - нясмела адказала яна i ўсё яшчэ закрывала грудзi i хавала пад табурэт свае босыя ногi. Ён узяў на ложку стракаты халат i падаў ёй. Яна хуценька накiнула яго, зашпiлiлася. - Лажыцеся, - сказаў ён. Узрадаваная, яна даволi рухава нырнула пад коўдру. Ён узяў табурэт, на якiм яна сядзела каля акна, сеў побач. - Гуляем? - Мне дазволiлi ўставаць, - прыдушаным i спалоханым голасам адказала Зося. - Ёй дазволiлi, - пацвердзiла суседка. Яраш адгарнуў коўдру i агледзеў ногi хворай, памацаў iх. Ацёк знiк. Зусiм звычайная жаночая нага - i па колеру i па форме. I твар змянiўся за два тыднi, якiя Зося знаходзiцца ў iх бальнiцы. Твар памаладзеў, папрыгажэў. Цяпер Яраш лёгка пазнаваў рысы той Зосi, якая некалi смела i дзёрзка схавала яго. Але яму хацелася ўбачыць рысы i таго ж характару. Няхай бы блiснула хоць адна iскра яе дзёрзкасцi, рашучасцi, весялосцi, дасцiпнасцi, хiтрасцi! Не, усё задушана, нават хiтрасць. Адно хiба свяцiлася ў яе вачах - захапленне iм, Ярашам. Але i яно было зусiм iнакшае, чым тады, нейкае па-рабску пакорлiвае.