Сэрца на далонi, частка 2
Кiрыла прывiтаўся з iмi i з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбiцкi як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так i пакацiўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, блiскучы, галава голая, як бубен, пiнжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку i такiя ж выцертыя штаны. Кiрыла пацiкавiўся, чаго выклiкаюць. Ларыса Пятроўна, сярэднiх год жанчына, стары работнiк, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам. - "Аб выхаваннi дзяцей", - прачытаў ён уголас i не адразу зразумеў. - За сыноў будуць пясочыць, - растлумачыў з кутка пануры Левановiч, доўгi, сутулы, з суровым тварам аскета, i цяжка ўздыхнуў: - Эх, сыны, чортавы сыны! - Ясна, - па-сяброўску ўсмiхнуўся сакратарцы Шыковiч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славiка ён цяпер спакойны. Да яго падкацiўся Гамбiцкi, выхапiў з кiшэнi вялiкую хустку, абмахнуў ёю твар. - Дык у вас хоць сыны. А ў мяне - дачка... Дачка! - прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам i пакацiўся да дзвярэй. Было душна. Кiрыла скiнуў пiнжак, павесiў на крэсла. Гамбiцкi паглядзеў на яго спачатку са здзiўленнем, потым - з удзячнасцю. I тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пiнжачок, якi трашчаў па ўсiх швах. I ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лiчыў, што здымаць пiнжак у гаркоме няёмка. Падкацiўся да столiка ў куце, нацiснуў клапан пустога сiфона, уздыхнуў, напiўся з графiна i зноў да Шыковiча: - Растлумачце, чаго iм не хапае? Чаму яны растуць такiя, нашы дзецi? - Дзецi як дзецi. - Кiрылу чамусьцi зусiм не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя. Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыi, ён iшоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракi, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоiла, ён пачаў думаць пра свой "хiрургiчны" эксперымент з гумарам. Аперацыя працягвалася, калi ён пайшоў з бальнiцы, - значыцца, усё ў парадку. А тут - зноў перад вачамi сэрца. I трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмi блiзкай i роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзiўна. Ён спытаў у сакратаркi: - Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылi? - Чыё? - усмiхнулася яна, вiдаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам. - Чалавечае. - Бачыла. У анатамiчным музеi. Наглядзелася - тыдзень не магла есцi. Кiрыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знiкла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзiноце са сваiм незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым i страшным. Пазванiў у бальнiцу. Дазванiцца туды было нялёгка: то нiхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазвалiся. - Скажыце, калi ласка, аперацыя скончылася? - спытаў ён далiкатна, ветлiва. - Якая? - Якую рабiў Яраш. - Так. - Як "так"? Што? - Нармальна. Сястра (цi лекар) адказвала голасам манахiнi - халодным, бясстрасным. Шыковiча гэта ўзлавала. - "Нармальна"! Чорт бы вас!.. Калi вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалiсты ў белых халатах! Паклiчце Яраша! Голас адразу змянiўся, зазвiнеў ручайком: вiдаць, там, у бальнiцы, падумалi, што гаворыць нехта з высокага начальства. - Антон Кузьмiч не можа падысцi. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыi, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу? - Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвонiць. Шыковiч паклаў слухаўку. - Хто-небудзь з вашых блiзкiх? - спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна. Ён кiўнуў: але! - Цяжкая аперацыя? - На сэрцы. Набыты парок. Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. I ўсе, хто пачуў, таксама зацiкавiлiся.