Сэрца на далонi, частка 2

Проста, амаль наiўна. Але тыя нацiскi, якiя яна зрабiла на "жывуць" i "будуць", надалi яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славiк хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усмiхнуўся не скептычна - прасветлена, нiбы ўбачыў выйсце. Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковiч. Рушыў да iх. Славiк прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў: - Вiтаю цябе, стары! Бацька не адказаў. Валянцiна Андрэеўна адчула, што ён кiпiць, i спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносiнах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў i перадумаў, недаравальна, антыпедагагiчна. Iра таксама насцярожылася. Але, вiдаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковiча. Ён спытаў з сарказмам: - Ну як, герой... нашага часу? Славiк засунуў рукi ў кiшэнi вузенькiх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблiзiўся да бацькi, як бы дэманструючы, што ён нiчога не баiцца i што ўвогуле з бацькам у яго адносiны вось такiя - панiбрацкiя. - Ты ведаеш, творца, чартоўскi цiкава. Для цябе асаблiва. Каб ты пабачыў, якiя там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасiў бы туды творчую камандзiроўку. Засмяялася Iра. Усмiхнулася Валянцiна Андрэеўна. Шыковiч адказаў лагодна: - Балбатун няшчасны. - I да жонкi: - У каго ён, такi чорт, удаўся? - У цябе, бацька, - адказаў Славiк. - Калi ў мяне будзе такая лысiна i такi жывоцiк, я буду вылiты Шыковiч-старэйшы. - Калi з цябе выб"юць дурноту? - Выб"юць! Шыковiч нахмурыўся. Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваiм бацькам? Ёй зрабiлася сумна, i яна непрыкметна адышла за дубы, спусцiлася да ручая... Праз хвiлiну Славiк паклiкаў яе: - Маша! Сябры Тараса - сябры яго брыгады - хоць i адчувалi сябе няёмка ў прысутнасцi пiсьменнiка, дактароў, iх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем i гульнёй, на пачатку абеду былi шумныя i вясёлыя. Бурна рэагавалi на тосты Шыковiча, на шчырыя дзiцячыя каментарыi Наташы, нават на недарэчныя жарты Славiка. А калi выпiлi i закусiлi, то сцiхлi, абмяклi. Дзiўная з"ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пiлi вельмi стрымана - толькi вiно i не асушвалi чаркi да дна. Было ў iх такое правiла. Не запiсвалi яго нi ў якiя абавязацельствы, але дамовiлiся памiж сабой: аскетамi не будзем, аднак у любых абставiнах, у любой кампанii, на любым вяселлi кожны павiнен помнiць пра сваё высокае званне. Славiку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькi яшчэ да таго, як селi за стол. Мабыць, бацька i мацi здагадалiся пра гэта i цяпер пiльна сачылi за iм. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны i пагрозлiвы бацькаў позiрк. "Стары конь", як ён у кампанii сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскiм месцы i добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмiнула Славiка першы раз i другi. Сусед злева, доўгi, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд i са смешным спалучэннем iмя i прозвiшча - Генрых Варэнiк, налiў яму яблычнага вiна, якое хлопцы прывезлi з сабой. Славiк выпiў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў: - Дрэнь. - I папрасiў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. - Давай, сусед, лепш вось той божай слязы... Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапiла Iра i перадала Тарасу далей ад брата. Славiк зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамi паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам. Але гэты "сагнуты Варэнiк" запярэчыў: - Не трэба. Я не п"ю. Славiк узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха: - Не п"еш? - Не. - Хлусiш. Я ж бачу, як ты каўтаеш слiну. Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра - бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Iван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славiк, нахiлiўся да яго за спiной Генрыха i пагрозлiва прашаптаў: