Сэрца на далонi, частка 2
Тарас i Косця пайшлi за iм. Плылi побач. Косця сказаў: - А гэтая рыжая сядзела з iм, а вачамi страляла ў цябе. Тарас збянтэжыўся. - Ды ну цябе, Косця! Выдумаеш! - Але яму было прыемна, i ён пахвалiў сябра: - А наконт Славiка - гэта ты добра прыдумаў. Трэба пераканаць хлопцаў. Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковiч ляцеў на сваiм "Масквiчы" адзiн, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькi закапцелы паравозiк з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковiч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кiпеў: крычаў вартаўнiцы, пагражаў кулаком машынiсту, праклiнаў усе чыгуначныя парадкi. А ў бальнiцы яго не прапусцiла другая вартаўнiца - у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самiм Ярашам прысутнiчаць на аперацыi, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асiстэнт i без яго не будуць аперыраваць i ўвогуле ўсё паляцiць дагары нагамi. - Нiчога не ведаю. Нiхто нiчога не казаў, - флегматычна адказвала старая жанчына, не без цiкаўнасцi, аднак, назiраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусiнавым касцюме. Шыковiч скрыгатаў зубамi. Успомнiў, што Антон не вельмi ахвотна згадзiўся, каб ён прысутнiчаў на аперацыi. Няўжо перадумаў? Не пусцiць? Пажартаваў. Аднак за такi жарт... Кiрыла хадзiў каля варот, круцiў у руцэ ключы ад машыны i выдумляў сябру самую страшную кару. Але раптам адчынiлiся дзверы, i юная iстота ва ўсiм белым ветлiва запрасiла: - Кiрыла Васiльевiч? Калi ласка, праходзьце. I куды дзелiся яго злосць i абурэнне! Iдучы па бальнiчным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсмiхнулася, вызвалiла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосцi ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той лiпеньскi ранак. На другiм паверсе, у асобным пакоi, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку i палатняныя бахiлы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыццi падобны на прафесара. Яна не ўсмiхнулася на яго жарт. Правяла па калiдоры, паказала на дзверы: - Сюды. У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымi на падбародкi маскамi. Але нiхто з iх нiчога не рабiў. Усе чакалi. Шыковiч зразумеў, што гэта такiя ж назiральнiкi, як i ён, - маладыя лекары, практыканты. Ён пачаў разглядаць iнструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылiзацыi з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы i прызначэннi ўсiх гэтых iнструментаў - iх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з iм малады высокi мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне: - Клава, махнём пасля абеду ў Палянкi? На кацеры? - На Будаеў луг. Там пляж лепшы. Шыковiч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека - жыццё цi смерць! - а яны, чэрцi, пра пляж думаюць. На яго не звярталi ўвагi. "Як у лазнi. Усе роўныя". Жанчына, што сядзела за сталом i нешта занатоўвала ў журнал, паднялася i шырока адчынiла дзверы аперацыйнай. Кiрыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялiкай залы, выставiўшы перад сабой да локцяў голыя рукi, нiбы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белiзна яго шапачкi аж ззяла ў святле ранiцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водблiскам дрэў i шыб, лiлося мора: уся сцяна - шкло. Незвычайны ў сваёй паставе i адзеннi, велiкан побач з нiзенькiм Майзiсам, якому сястра, як малому, выцiрала салфеткай рукi, галоўны хiрург здаваўся звышчалавекам, богам.