Сэрца на далонi, частка 2
- Вось купiў. Надпiшы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць. Кiрыла ведаў, што ў дадатак да ўсiх iншых сваiх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ i скупы, кнiгi купляе рэдка. А таму той факт, што ён купiў яго аповесць, прыемна ўразiў i нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кiрыла адразу падабрэў. Узяў кнiжку, задумаўся, што напiсаць, каб не шаблоннае. - Колькi ганарару адхапiў? - Тры. - На новыя? Ого! Куды ты дзяваць iх будзеш? - Палавiну табе аддам. I дзiўна, гэты, здавалася б, зусiм нявiнны жарт пакрыўдзiў Рагойшу. Ён усхапiўся з крэсла, тоўсты нос яго i вушы пабурэлi. Злосна кiнуў: - Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба. Не, не абразiла i не пакрыўдзiла гэта Шыковiча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны i крывадушны чалавек гэты зайшоў зусiм не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасцi са Славiкам. Абурэнне яго было дзiўнае - цiхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасцi ён зрэдку-такi ўзрываўся i мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыi ведалi. Дык не ж, ён зрабiў нешта зусiм нечаканае i для самога сябе, i для Рагойшы, для ўсiх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пiнжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагi шырока адчынiў iх i выкiнуў Рагойшу ў калiдор, як непатрэбную рэч. Зачынiў дзверы i зноў-такi даволi спакойна вярнуўся да стала. Цiхае кiпенне ўсярэдзiне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, якi ў Рагойшы зрабiўся твар, калi ён узяў яго за каўнер, Кiрыла нават засмяяўся. Хутка яго паклiкалi да рэдактара. У доўгiм i вузкiм кабiнеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыi Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковiча, некалi разам пачыналi пiсаць, разам працавалi многа год. Кiрыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзiн на адзiн i што нарэшце ён зможа высветлiць вiну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае. Шыковiч, як звычайна, весела прывiтаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афiцыйна-ветлiва прыўзняўся, насцярожыла яго. Няўжо Алёша Тукала падкрэслiвае дыстанцыю памiж сабой i iм, Шыковiчам? Смешна. Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кiрыла напусцiў на сябе выгляд вiнаватага - не павiтаўся з рэдактарам за руку, цiха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што i дырэктар студыi i рэдактар разглядаюць яго з павышанай цiкавасцю. "Алёшу ўразiла мая новая якасць - уменне выкiдваць з кабiнета дурняў", падумаў весела. Жывiцкi - прынцыповы кiраўнiк i ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цанiў людзей, якiя ўмеюць пiсаць, абараняў кожнага здольнага журналiста. Шыковiчам жа проста ганарыўся - не кожная газета мае такога нарысiста i фельетанiста. Нiколi ў адносiнах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму i размову гэтую яму пачаць было нялёгка. - Кiрыла Васiльевiч, скажы, калi ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклiкалi. Заявiў, што пойдзе ў гарком... - Няхай iдзе... Мяккасць i асцярожнасць, з якой Жывiцкi пачаў сваю прамову, адразу зрабiлi Кiрылу сур"ёзным i злосным. Злосным на Рагойшу. Дзiўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосцi. - Не, ты чакай... З крыку Рагойшы я нiчога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося. - Нiчога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нiкому не дазволю! - цвёрда папярэдзiў ён, чамусьцi звяртаючыся да Тукалы.