Сэрца на далонi, частка 2
- Ты галодны? - Як воўк. Яны падавалi яму на стол утраiх - мацi, Iра, Маша - усё самае лепшае, што гатавалi для гасцей, як самаму галоўнаму госцю. Валянцiна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ i Машы за iх чуласць. Яе нават не вельмi кранала, што сын больш аддае ўвагi гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, мацi. Пiльна сочыць за кожным яе рухам, ловiць кожнае слова i позiрк. "Захапляецца зусiм па-дзiцячы", - з замiлаваннем падумала мацi. Ад добрага снедання i жаночай клапатлiвасцi Славiк зноў зрабiўся балбатлiвы. - Маша, хочаце, я вас здзiўлю? Iра спалохана страляла ў яго вачамi: маўчы! Ёй здавалася ганьбай i сорамам такое прызнанне. - Я толькi ўчора з турмы. Нiводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым i выразным Машыным твары. - I доўга там вас трымалi? - Дзесяць сутак. - О-о! - Што значыла гэтае "о-о", нiхто не зразумеў. - Я пагразiў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кiшэнi. I - калi ласка, маралiсты ўляпiлi мне... А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. I - божа мой! - што я там прачытаў. Калi мне далi дзесяць сутак, то многiм сэрам i лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымi бомбамi! Жах! Валянцiна Андрэеўна насцярожана замерла: нiколi яшчэ сын не гаварыў пра такiя сур"ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якiм!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядлiва пакаралi яго за п"яную балбатню? Цi тым, што над чалавецтвам вiсiць страшэнная пагроза? - Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленнi ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную ранiцу... - Ён нервова засмяяўся. - Не будзь песiмiстам, Уладзiслаў, - сказала мацi, расчараваная, што сын павярнуў не туды. - Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнiмаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але i на гэтую страшную небяспеку ты глядзiш як iндывiдуалiст i песiмiст!.. - Мама, не трэба мне маралi! - Ён кiнуў вiдэлец, зацiснуў далонямi вушы, потым правёў рукой па горле. - Я сыты вось так! - Не, ты паслухай! Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць... - Нiчога гэтага людзi не перамаглi! Не цешце сябе! - Няпраўда! - запярэчыла Iра. - Можа, не ўсё, але шмат што перамаглi. - Перамаглi ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе нi пераможаных, нi пераможцаў. Застанецца адзiн попел. - Ты проста баязлiвец! Панiкёр! Ты заўсёды быў баязлiўцам! - раздражнёна папракнула Iра. - Вы самi баiцеся. Вы ўсе нервуецеся, калi пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хiба мамы. Я ж чуў, як бацька i Яраш гавораць... "Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?" - падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такiя высокiя матэрыi. Не ўмела гаварыць пра iх, спрачацца. Ды i не было з кiм. Сёстры i лекары гаварылi пра атамную вайну мiж iншым, i то больш з гумарам i ўсе аднолькава. Значна больш iх цiкавiла тое, што звязана з жыццём, простым i няспынным, - кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзецi. Маша не ўяўляла, што ёсць сем"i, у якiх вядуць вось такiя спрэчкi. Ёй было цiкава i дзiўна слухаць. Захацелася самой умяшацца i сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасцiпная, знаходлiвая ва ўсiх iншых спрэчках i гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымiтыўнасць мыслення. - Не, Слава, я таксама баюся, - адказала сыну Валянцiна Андрэеўна, баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум... I тут Маша не стрымалася: - Людзi не збiраюцца сябе хаваць. Людзi жывуць. I будуць жыць!