Сэрца на далонi, частка 2
Яраш спытаў: - Скажыце, Соф"я Сцяпанаўна, вы помнiце каго-небудзь з iнфекцыйнай бальнiцы, з кiм працаваў ваш бацька... Хто хадзiў да вас... Яна на хвiлiну задумалася. - Я помню сястру... Клаўдзю... Iванаўну, здаецца. Яшчэ была лекар Вакулава. I лекар Лiберман. Але Лiбермана яны загналi ў гета. У акупацыi заходзiла да нас толькi гэтая сястра. Як жа гэта яе прозвiшча? - Зося зморшчыла лоб. - Не трэба ўспамiнаць. Пасля, - мякка папрасiў Яраш. - Дзякую вам. - Завошта? - здзiвiлася яна. - Добрай ночы, - пажадаў ён усiм адразу i пайшоў да дзвярэй. Майзiс з жонкай i Маша прыехалi раней за ўсiх. Яшчэ ў цянi пад вольхамi не апала раса. Яшчэ спалi дзецi Яраша i Шыковiч, якi працаваў да дня. А гаспадынi ўжо поркалiся на летняй кухнi, пад стрэшкай. Iм памагаў Тарас. Распалiў агонь пад самаробнай плiтой, прынёс сталы, дровы i прадукты. Хлопец шукаў сабе работу. Ранiца была надзiва - сонечная, звонкая, з лугу патыхала вiльготным халадком, а бор дыхаў неастылай цеплынёй учарашняга дня. Нерухомая ўрачыстасць сосен зноў прадвяшчала спёку. А можа, навальнiцу. Дажджу прасiлi i людзi i дрэвы. Што б нi здарылася наперадзе за доўгi летнi дзень, але ранiца такая, што дзiця: прыносiць усмешку i радасць. Жанчыны гатавалi з добрым настроем. Праўда, паскардзiлiся на свой нялёгкi дачны лёс: зноў госцi! - Шыковiч мой нешта астыў, мала каго ўжо запрашае, - зазначыла Валянцiна Андрэеўна. - Затое Антон загарэўся. - Сёння, Галiна Адамаўна, больш гасцей маiх, - адгукнуўся Тарас. - Але сваiх я магу прыняць на лузе. Акрамя вады i прасторы, iм нiчога не трэба. - Як не сорамна, Тарас! Тваiм гасцям мы заўсёды рады. Галiна Адамаўна казала шчыра. Больш трывожылi яе госцi мужа, правiльней кажучы, адна госця - Маша. Яна бачыла дзяўчыну разы два ў бальнiцы, даўно, можа, год назад. Чаму раптам Антону ўздумалася запрасiць яе? Хiба мала калег-лекараў? Майзiс, напрыклад, - гэта зразумела. Але трывога яе знiкла, калi Майзiсы знянацку падкацiлi на сваiм чырвоным запыленым "Масквiчы" i Галiна Адамаўна ўбачыла Машу. Дзяўчына здавалася ёй не толькi нецiкавай, але нават вульгарнай. Да ненатуральнасцi вогненна-рудая, яна, як бы кiдаючы выклiк людзям звычайным, i плацце надзела дзiўнае па колеру i па фасону: чырвона-жоўтае, з малюнкам кляновага лiсця; лёгкая тканiна, здавалася, не кроiлася, не шылася, а сцягвалася нiткамi на самой дзяўчыне - па форме яе постацi. Галiне Адамаўне нават стала весела, калi яна ўбачыла, што Тарас разглядае госцю, як нейкае дзiва. Яраш чытаў замежны часопiс па хiрургii i выйшаў у пiжаме. Ён таксама здзiвiўся i сумеўся. Папрасiў прабачэння. Збянтэжыў Майзiсаў. Маленькая, чорненькая, нафарбаваная i завiтая, як лялька, Даная Вiтальеўна ў апраўданне пачала нападаць на мужа: - Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, Мiхал Евелевiч фанатык. Калi яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою нi сабе, нi людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьмiч вучыць яго хiрургii. Дык ён павiнен яшчэ навучыць цябе лавiць рыбу. Ах, Мiша! Прабачце, Антон Кузьмiч... - Не, не прабачаю. Дамаўлялiся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Якi з вас рыбалоў? Соня! Яраш жартаваў, а сам пазiраў на Машу, якая з дзiцячым захапленнем разглядала ўсё навокал. Валянцiна Андрэеўна прашаптала сяброўцы: - Арыгiнальная асоба. Яраш нарэшце ўспомнiў, з якой мэтай напрасiлася ў госцi Маша. - Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёмiцца з табой. Тарас мусiў вылезцi са свайго ўкрыцця i таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусiнавых штанах i босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.