Сэрца на далонi, частка 2

- Я забаранiў яму. - Ездзiў. Машына, лiшнiя грошы, кампанiя... Дзяўчаткi, выпiўкi... А ў бацькоў тым часам другiя клопаты. Машыны iм мала - трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласнiцкiя тэндэнцыi. Шыковiч слухаў надзiва спакойна. Разумеў: Гукан "задае тон". Кiрыла ненавiдзеў гэты тэрмiн - "задаць тон", народжаны ў часы культу. Але ў такой сiтуацыi, вiдаць, iнакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамi такiх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, - усё стрывае, абы толькi пакiнулi Славiка ў брыгадзе. Тарасаў таксама не любiў "задавання тону". Ён, кiраўнiк новага тыпу, умеў i думаць i вырашаць па-новаму. Але i ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусiм натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўлялiся аб парадку - як заслухоўваць бацькоў, але вiдавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковiча. Не самы небяспечны выпадак. I не той бацька. Яго разважлiвы роздум, трапныя адказы на заўвагi сябраў бюро ў нейкай меры згладзiлi вастрыню пытання i навучылi другiх, як абараняцца. Тарасаў, назiральны i пранiклiвы, бачыў, што нават твар Левановiча пасвятлеў, а непаседлiвы, вяртлявы Гамбiцкi стаў менш выцiраць лысiну i больш круцiцца, шэпчучы нешта суседзям. - Зазнаўся ты, Кiрыла Васiльевiч, - нечакана з разважання аб уласнiцкiх тэндэнцыях зрабiў вывад Гукан, чамусьцi перайшоўшы раптам на фамiльярнае "ты". - Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архiвах... "А пры чым тут архiвы?" - падумаў Шыковiч. - Лiчыш, што табе ўсё можна, усё дазволена i ўсё даруюць. Не! Дысцыплiна ў партыi адна для ўсiх! Адны нормы. Ленiнскiя. А як сябе паводзiць камунiст Шыковiч? - Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплi фамiльярнасцi, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. - Машына, дача - адзiн бок... А паводзiны ў калектыве?.. Калi камунiст свайго таварыша па рабоце выкiдвае з кабiнета... "Паскардзiўся, паскуда", - падумаў Шыковiч пра Рагойшу са злосцю. - А другому, адказнаму работнiку, пагражае, што выкiне праз акно... "I гэты таксама скардзiўся? Ёлуп! Зусiм страцiў пачуццё гумару". - Каментарыi, як кажуць, наўрад цi патрэбны. - I пагрозлiва стукнуў алоўкам. Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым "задаць тон". "Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялiлi, цi што?" - падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, i ён згадзiўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валiць у адну кучу; Рагойша вядомы iнтрыган, i можна зразумець, што ў Шыковiча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалi нервы. Варта ўсё-такi разбiрацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабiць палiтыку. - А калi бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапiць глупства. Яму атамную бомбу давай... Шыковiч бачыў, як, схiлiўшыся над сталом, пакiваў галавой Тужыкаў, крыва ўсмiхнуўся, паправiў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу - не ўхваляюць, i загаварыў больш горача i гнеўна: - Як вы думаеце, таварыш Шыковiч, што вырасце з дзiцяцi, якому бацькi нi ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступiў у iнстытут - куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калi ласка. Выгналi адтуль - навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць... З помпай, як героя, - на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камунiстычнай працы! Падумайце, таварышы! Цi не выклiк гэта?..