Сэрца на далонi, частка 2
Нейкi момант яны маўчалi. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён нiколi так доўга не заседжваўся. У яго i цяпер была мэта, але зусiм не прафесiйная. Даследаваннi i здагадкi Шыковiча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькi распалiлi i яго цiкавасць да справы доктара Савiча, больш таго - ён адчуў сябе вiнаватым, што нiчога не зрабiў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кiрылу. Той, нецярплiвы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хiрург i як псiхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткi i асцерагаў яе ад цяжкiх успамiнаў. Таму i цяпер яму нялёгка было падвесцi размову да ўспамiнаў пра яе бацьку. Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала: - Ад мяне толькi што пайшла Маша. Мы доўга гутарылi. - Я рады, што вы пасябравалi. - Яна цiкавая. Спачатку мне здалося, што яна iграе... А ў жыццi нельга iграць! Некалi, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. I таксама iграла выдуманую ролю. Дома, на вулiцы, у гасцях - усюды... Смешна i наiўна. - Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкi. Вунь мае дзецi, Тарас, Вiця... Якiя ў iх мары i жаданнi! I я не сказаў бы, што гэта iгра. - Дзе ён быў тады, Тарас? - Яго схавалi добрыя людзi. Суседзi. - Я шукала яго. - Я ведаю. Мне казала цётка Люба. - Яна не паверыла мне. - Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек i найлепшая канспiратарка. - Яна загiнула? - Не, памерла год назад. Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якiм лёс звёў яе на кароткi мiг. - Як мне хацелася знайсцi яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помнiла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. I мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька... Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзiўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткi Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылi. Яна адказала не зусiм так, але пусцiла ў дом. Я сказала, што вы прасiлi даведацца, цi вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзiўна i незразумела: "Перадайце Вiцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар". Я сказала, што перадаць нiчога не магу, бо вас пераправiлi ў лес. "Да каго?" - спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, вiдаць, у яе ўзнiкла падазронасць. Яна больш нiчога не спытала пра вас. Але калi я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нiчога невядома. Мяне пакрыўдзiла, што яна такая абыякавая i да лёсу дзiцяцi i наогул... Хаця б пацiкавiлася, хто я i што я. Не, нiшто, здавалася, яе не цiкавiла. Праўда, паводзiла я сябе неразумна i няўмела. Цётка Люба ўсё-такi спытала, як маё iмя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга i навошта мне было падпольнае iмя - сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы. На другi дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзiвачыла. Ведаеце, што зрабiла? Я - сястра Паўлавай жонкi, шукала iх, жывых. Людзi, якiя жылi ў тым доме, збянтэжана пацiскалi плячамi: яны тут нядаўна i нiкога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пiсьмо, якое сама напiсала: "Яны жылi тут, вось адрас. Што ж мне рабiць? Я прыехала ажно з Харкава". Хадзiла па суседзях. Адны рабiлi выгляд, што нiчога не ведаюць. Другiя не таiлi сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылi мне i сказалi страшную праўду. Я плакала шчыра. "А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасiк". - "Кажуць людзi, у нямецкiм дзiцячым доме", - паведамiлi старыя. У той вечар я спытала ў бацькi, цi ёсць у горадзе дзiцячыя дамы. "Навошта табе?" Я расказала яму пра вашу просьбу i як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзiта сказаў, што я загублю i сябе i яго сваiмi неразумнымi ўчынкамi. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом i смажыць Гроту трусяцiну. "Трэба жыць i змагацца, як ён", - кiўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьмiч. "Ён салдат, - сказаў бацька, - а мы з табой цывiльныя людзi, я - стары лекар, ты - дзяўчынка, дзiця". Я сказала яму тады многа тых слоў, якiя пачула ад вас. Бацька мусiў здацца. Толькi папрасiў, каб я нiчога сама не рабiла, пра ўсё даведаецца ён.