Сэрца на далонi, частка 2
- Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Iдзi прэч, - узлавалася Галiна Адамаўна. - Не трэба, Галя, - папрасiў Шыковiч. - Усе людзi павiнны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносiнах! - Быў бы поўны хаос, тата. - А я чытаю мала, - уздыхнула Маша. - Чаму? - спытаў Шыковiч. - Не ведаю. А вы - чаму? - Я? - Ён засмяяўся. - Дзiця маё, я мала чытаю такiя кнiжкi, якiя чытае Наташа. Але колькi я чытаю другiх, часам такiх, над якiмi Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапiсаў! Я аслеп ад рукапiсаў. А цяпер яшчэ ад архiўных дакументаў. У мяне цяжкi жанр - дакументальны. Не толькi праца пiсьменнiка, але i гiсторыка, - ён уздыхнуў. Валянцiна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкi лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланiць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкi. Шыковiч, памогшы Тарасу вынесцi пад дубы амаль усе сталы, якiя былi на дачы, пайшоў дапiсваць артыкул. Тарас i Наташа панеслi рыбакам снеданне. Жанчыны займалiся той дробнай мiтуслiвай работай, якой амаль не вiдаць, але якая надзвычай стамляе i ўрэшце прыводзiць да апатыi, абыякавасцi. Прыходзяць госцi, а гаспадыню ўжо нiшто не цiкавiць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галiна Адамаўна дужа рана: яе стамiла не столькi работа, колькi хваляванне, трывожныя думкi пра мужа i Машу. Яна ўпала пад дубамi на коўдру i... заснула. Валянцiна Андрэеўна i дзяўчаты сцераглi яе сон. Гаварылi напаўголасу. Маша i Iра быццам бы пасябравалi, разгаварылiся. Валянцiна Андрэеўна назiрала за iмi i бачыла, як лёгка i адкрыта iшла на зблiжэнне Маша i як асцярожна, хiтра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Мацi стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Iры? I наогул, чаму ўсё так атрымлiваецца? Здавалася б, простыя бацькi, простыя i шчырыя адносiны ў сям"i - i раптам такiя дзецi, зусiм розныя i абое з нейкiмi дзiўнымi адхiленнямi ад той нормы, што выпрацавала педагогiка, якой яна, Валянцiна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагi, скептычна ўсмiхнуўшыся. "Можа, Кiрыла таму лягчэй перажывае паводзiны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагiчных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка i патухае. Як ён сустрэне Славiка?" Толькi падумала пра сына, а ён тут як тут. Яна сядзела пад паветкай на нiзкай калодачцы i, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркi, вiдэльцы i нажы. I раптам убачыла не яго - цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славiк упаў перад ёю на адно калена. - Мама, твой блудны сын з"явiўся пад гэтую мiрную дачную страху i вiнавата схiляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам. Звыклы яго ход - адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта мацi думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. I ў гэтай стрыжанай, круглай, трохi смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славiка, добрага, ласкавага, таго, якi, прачынаючыся, перабiраўся ў iх ложак i вось гэтай стрыжанай галавой тулiўся да яе шчакi. Ёй зрабiлася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымi рукамi яго дурную галаву, прытулiць да грудзей, пацалаваць, а потым накруцiць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях i горка ў горле. Умiг успомнiлася, якiм прыехаў у той дзень, калi Славiка пасадзiлi, бацька - што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кiм-небудзь пасварыўся ў рэдакцыi, i, каб адцягнуць яго думкi ў iншы бок, спытала, цi бачыў ён Славiка. Як Кiрыла падскочыў, як закрычаў: