Сэрца на далонi, частка 2
Iван задумаўся. I ўсе змоўклi, задумалiся таксама. - Калектыў, - першы адгукнуўся Тарас. - Праца, - амаль адначасова з iм выказаўся Лапацiн, прынiмаючыся за кавалак пiрага, якi падсунула яму клапатлiвая жонка. - Барацьба! - не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкi. - Праўда! - Славiк сказаў гэта сур"ёзна, цвёрда, пераканана. - Пакуль будзе ханжаства, падман... Кiрыла Васiльевiч пераглянуўся з жонкай i, вiдаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапынiў Косця. - Любоў! - крыкнуў ён. Усе маладыя засмяялiся. Акрамя Славiка. - Цябе ўсё-такi хiлiць да Езуса, - падкалоў сябра Iван. - Чаму любоў, Косця? Растлумач! - Любоў не ў вашым вузкiм разуменнi. А наогул. Любоў з вялiкай лiтары. Да радзiмы, да працы, да людзей, блiзкiх i далёкiх... - Якая шчодрая душа, - з добрай усмешкай сказала Галiна Адамаўна так, што пачулi толькi свае - Майзiсы i Шыковiч. - Можна падумаць, што яго нiхто нiколi не крыўдзiў. - Прадстаўнiк пакалення, якое не ведае, што такое нянавiсць. - I на поўны голас да Косцi i да ўсiх: - Па-мойму, Косця, такая любоў - гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае i твая праўда, Славiк. Да такой праўды i такой любовi мы прыйдзем... Безумоўна, Iван, праз барацьбу з маральнымi заганамi i ўсiмi тымi, хто будзе перашкаджаць... I, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васiль Пятровiч, што праца... праца ў калектыве... грамадска карысная - галоўны фактар. Раз Шыковiч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзiць вынiкi. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. I я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданнi... Вось Генрых маўчыць... Генрых, якi сапраўды не сказаў нi слова, пачырванеў, збянтэжана ўсмiхнуўся. Сябры скiравалi на яго позiркi, чакалi яўна з цiкавасцю. Ён прыгладзiў дзвюма далонямi валасы i затрымаў рукi на патылiцы. - Мары, яны не пастаянныя, Антон Кузьмiч. Калi я быў вучнем, то вельмi любiў чытаць раманы. Ну, Вальтэра Скота, Дзюма... I мне страшэнна хацелася быць рыцарам, выратаваць прынцэсу - абавязкова прынцэсу! Не нiжэй! - i... жанiцца на ёй. Моладзь стрымана засмяялася. - А цяпер я штоноч сяджу над тэорыяй машынабудавання, супраматам, мару, як бы хутчэй здаць экзамены, стаць iнжынерам i... жанiцца на Зоi Крахмалавай. Выбухнуў такi рогат, што з-пад стала спалохана выскачыла кошка. Гаспадары i Майзiсы не разумелi прычыны гэтага рогату, а таму ветлiва ўсмiхалiся весялосцi моладзi. Вера, выцiраючы слёзы, тлумачыла iм: - Ён заўсёды так, маўчыць, маўчыць, а потым як ска-а-жа... А Генрых павярнуўся да Славiка i сказаў яму: - Твая чарга. Па парадку. - Я? - здзiвiўся Славiк, тыркнуўшы сябе ў грудзi пальцам. - Чаму я? Пра што мару? Нi пра што! Хачу? - Ён абвёў дзёрзкiм позiркам усiх, хто сядзеў за сталом, - ад бацькi да Косцi, потым павярнуўся да Машы i сказаў быццам ёй адной: - Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б нiхто не дапытваў i не чытаў "маралаў". Усе сцiхлi, усiм зрабiлася няёмка, бо ведалi, што хлопец толькi што адбыў пакаранне за свае паводзiны. З далiкатнасцi нiхто не напамiнаў яму пра гэта. Шанавалi бацькоў - паважаныя людзi. Усе бачылi, як уразiлi iх раздражнёныя сынавы словы. Асаблiва мацi. Валянцiна Андрэеўна, схаваўшы вочы, сцiснула мужаву руку, молячы яго маўчаць. Каб загладзiць няёмкасць, Маша вырашыла перавесцi ўвагу на сябе, сказала весела, гарэзлiва: - А я ведаеце пра што мару? Выйсцi замуж за добрага, разумнага чалавека i нарадзiць добрых, разумных дзяцей. Хацела, каб гэта прынялi як жарт, але сустрэлася вачамi з сур"ёзным i здзiўленым позiркам Наташкi i... збянтэжылася, загарэлася ўся, бо здалося ёй, што сказала пры малой непрыстойнасць. Пэўна, праз гэтую яе збянтэжанасць нiхто не пачаў жартаваць з такога прызнання. Нават усмешак яна не ўбачыла. Стрыманасць такая iшла ад той жа далiкатнасцi. Але Машы яна здалася дакорам агульным. Чаму яны такiя сур"ёзныя? Чаму так свiдруе яе позiркам жонка Яраша? Праўда, сам Антон Кузьмiч падтрымаў яе: