Сэрца на далонi, частка 2
Цяпер словы Гукана балюча бiлi сваёй несправядлiвасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кiрыла, бадай, з усiм згадзiўся б: нiчога не скажаш, выхоўваць-такi не ўмеем. Але калi Гукан робiць вунь якiя вывады з таго, што Славiк пайшоў на завод, калi вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, - з гэтым Кiрыла не мог згадзiцца. Зноў хлынуў пот. Стрымлiваў i супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымi вачамi i нават кiўнуў: трымайся. - Мы ж добра ведаем, Шыковiч - лепшы сябра хiрурга Яраша. А Ганчароў прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога нацiску, паддаўся. - Эх, чорт! - абурыўся Грыбок. - I тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такiх сынкоў на вярсту не падпусцiм да камунiстычных брыгад! Флегматычны Тужыкаў рэзкiм рухам зняў акуляры, махнуў iмi, гатовы запярэчыць. Але яго апярэдзiў Шыковiч. - А такiх - куды? - усхапiўся ён з месца. - У турму, цi што? Дык няма ў кодэксе... - Вы чулi, Сяргей Сяргеевiч? - таксама ажно падскочыў Грыбок. - Чулi! - адказаў яму Тужыкаў. - А праўда - дзе такiх выхоўваць? - Дзе? - сумеўся Грыбок i асеў, з"ядаючы вачамi першага сакратара. - Я мушу заявiць, таварышы сябры бюро, - працягваў мiж тым Шыковiч, - з усёй сур"ёзнасцю i адказнасцю сябра партыi, што абвiнавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкiм блаце... - гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў i яго хлопцы самi прапанавалi Ўладзiславу пайсцi да iх у брыгаду. I я лiчу, што яны паступiлi правiльна. I радуюся, што сын згадзiўся. Значыцца, разумее... Мяне не здзiўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такiя рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзiўляе малады Грыбок. - Я? Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, i спакойна чакаў, пакуль выказвалiся другiя. Нiхто, магчыма, не прыкмецiў, як змянiўся ён пры апошнiх словах Шыковiча: на шчоках выступiлi сiнiя плямы, а карак налiўся крывёю, дзiўна неяк скрывiлiся вусны. Калi ўсе нарэшце сцiхлi, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам: - Прапаную вынесцi Шыковiчу суровую вымову, - i сеў. Прапанова з"явiлася нечаканасцю для ўсiх - i сябраў бюро, i прысутных. Гамбiцкi быццам прылiп да крэсла, у Левановiча выцягнуўся i без таго доўгi твар. Не менш спалохалiся i другiя бацькi: калi Шыковiчу вось так, дык што будзе iм? Ашаломлены Кiрыла спытаў шэптам: - Завошта? - За няправiльнае выхаванне дзяцей, - Гукан стукнуў алоўкам па стале, раз. За грубыя паводзiны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкi, - i зноў стукнуў, - два. За прыватнаўласнiцкiя тэндэнцыi, - не стукнуў. - Мiж iншым, мне вядома, што дача Шыковiча i Яраша збудавана незаконна. Няправiльна, зноў-такi па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лiчу, што гарком павiнен высветлiць усе акалiчнасцi. "Што гэта ён так уз"еўся на Шыковiча? - думаў Тарасаў. - Праўду кажуць: сааўтары - што палюбоўнiкi адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца". Калi на пасяджэннях узнiкалi вось такiя складаныя сiтуацыi, Тарасаў любiў паназiраць за людзьмi. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлiвае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазiцыю, а ў канцы - зусiм супрацьлеглую, зрэдку бывае i так, што ў думках ён за адно, а на словах - за другое. Такiх Тарасаў не любiў. Маўклiвага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкi. Такога лёгкi вецер не паверне, толькi добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышлiся ў сваiх адносiнах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раiў вачамi: "Скажы ты, Сяргей Сяргеевiч". Тарасаў паслухаўся гэтай парады.