Сэрца на далонi, частка 2
- А што яму да чалавека!.. - Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калi бацька апраўдвае... Калi бацька паказвае прыклад... А потым ходзiць прасiць за сына... шукае яму цёплага месца... Гэта быў подлы ўдар. Шыковiча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваiм вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госцi? Слiзняк! Халодная разважлiвая злосць апанавала Кiрылу. Цяпер ён рабiў усё свядома, з разлiкам. Сумна пакiваў галавой. - Столькi год я з табой сябраваў i не ведаў, што ты такая дрэнь. Эх, як Тукала зноў падскочыў. - Чуеце?.. Станiслаў Iванавiч! - Хлопцы, як вам не сорамна, - паспрабаваў прымiрыць рэдактар. - Цяпер разумею, што не зусiм таго, каго трэба, я выкiнуў за дзверы. Вось каго трэба! I не за дзверы. За акно. Дазволь, Станiслаў Iванавiч? - I Кiрыла пайшоў, каб абысцi доўгi стол. Тукала хутка адступiў за рэдактарскi стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывiцкiм, якi таксама насцярожана падняўся. Шыковiчу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў i накiраваўся да выхаду. Калi дзверы за iм зачынiлiся, Тукала выхапiў хусцiнку i пачаў выцiраць успацелыя рукi i лоб. - Ты бачыў? Зазнаўся! Напiсаў дзве бяздарныя кнiжачкi i гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах! Жывiцкi засмяяўся. Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развiваць цэлую тэорыю наконт славы i зазнайства. Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыi яго неаднойчы прыводзiлi ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фiнансаў не маглi ўстаяць перад яго хiрургiчным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарылiся славай хiрургiчнага аддзялення бальнiцы, якое лiчылася лепшым у рэспублiцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскiх лекараў, якiх нялёгка здзiвiць медыцынскай тэхнiкай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многiя з патрэбных апаратаў былi набыты загадзя. Але ўстаноўку iх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар i аддзел будуць больш шчодрымi. I раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамi i мантажнiкамi вечарамi. Плацiў iм прэмiяльныя са сваёй кiшэнi. За гэтае дзiвацтва яму ўжо неяк раней накiвалi на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькi з манцёрамi, але i са сталярамi, з паркетчыкамi, у клiнiцы звыклiся. Добрыя душы тлумачылi, што Ярашу проста няма куды дзяваць сiлу i энергiю, злыя - што такiм чынам ён хоча павялiчыць сваю папулярнасць. Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робiцца так тэрмiнова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсiх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзiць у падрыхтоўку да аперацыi Зосi Савiч. Ён зрабiў сотнi розных аперацый, нямала ўжо i такiх - на сэрцы. Але бадай нi да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю i адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павiнна быць узважана i ўлiчана. Каб нiякай выпадковасцi. Яго апраўдаюць усе, што б нi здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калi гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкi, гэтак жа, як некалi, калi цяжка хварэў Вiця i ён, хiрург Яраш, страцiўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерцi. З"яўлялася думка: а можа, запрасiць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кiева? Да яго прыедуць. Рэдка якi хiрург бярэцца аперыраваць блiзкага чалавека. Блiзкага... А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калi яна прыносiла яму ежу на гару, дзе i ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькi здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. I ўсё-такi яна была блiзкiм чалавекам. Нi адзiн хворы цi хворая не жылi так у яго сэрцы, у думках.