Сэрца на далонi, частка 2
- З дачамi мы разбяромся, - сказаў ён да Гукана, потым - да Шыковiча: Паводзiны вашага сына, таварыш Шыковiч, - ганебныя паводзiны. I мы вас сур"ёзна папярэдзiм. Не толькi вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камунiстаў, каб яны адказвалi за сваiх дзяцей, за выхаванне моладзi. Гэта закон нашага жыцця. Я асабiста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калi праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самi яго ўзялi, то хвала iм i чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнiкаў камунiстычнай працы. Правiльна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правiльна я разумею, што такое брыгада камунiстычнай працы? - Ён глядзеў на Грыбка, i ў светлых вачах яго скакалi iскаркi хiтрага смеху. - Правiльна, Сяргей Сяргеевiч! - умомант згадзiўся Грыбок. "Ну i флюгер!" - ужо без злосцi i абурэння падумаў Шыковiч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славiка адведзена, прыйшла дзiўная фiзiчная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелi ногi, высахла ў роце. Наступiла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражаннi, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго i Славiка. Помнiў: Гукан настойваў на сваёй прапанове. "Завошта?" - хацелася спытаць зноў, але Кiрыла i гэтага не здолеў зрабiць, толькi са здзiўленнем падумаў: "Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам". Адкрытае сэрца... Нутро гарэла ад смагi. Але не хапiла смеласцi падняцца i налiць з графiна, што стаяў на сакратарскiм стале. Раптам з"явiлася боязь самлець - як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго i абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскi падтрымлiваў Гукана. Кiрыла падумаў: "Цiкава, якая сям"я ў сакратара райкома? Дзецi ёсць? Трэба даведацца", - хоць адчуваў, што наўрад цi будзе займацца гэтым. Не хопiць энергii. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергii, што ён разрадзiўся, як акумулятарная банка, - увесь, ад галавы да ног. Сябры бюро пагадзiлiся на вымове. Шыковiч не аспрэчваў, не апраўдваўся абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова - без занясення цi з занясеннем ва ўлiковую картку. (Пасля даведаўся - не запiсана.) Калi паднялi Левановiча, Кiрыла спытаў: - Мне можна iсцi? - Чаму? Паслухайце другiх. Вам будзе карысна. I цiкава, - сказаў Тужыкаў. А Тарасаў, якi больш пiльна назiраў за iм, нечакана дазволiў: - Iдзi.