Сэрца на далонi, частка 2
- Стадыя ўзбуджэння... Лiчбы. Словы. Шыковiч не ўнiкае ў iх сутнасць. Ды каб i хацеў, то не здолеў бы. Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткi. I вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далонi. Жывое сэрца на далонi! I б"ецца, б"ецца, нiбы хоча вырвацца. Але ў другой руцэ хiрурга блiскае скальпель... I гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вiнавата ва ўсiм. Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылi ўбок хiрургi. Але Кiрыла зноў перамог сябе i надзвычай асцярожна, каб нiкому не перашкодзiць, прыцiскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да iх, адчынiў. Нехта спытаў: - Вам блага? Ён вiнавата ўсмiхнуўся: - Не. Павярнуўся туды, куды глядзелi ўсе, - да экрана тэлевiзара. I зноў убачыў яго, сэрца. I ўбачыў нешта зусiм жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое. Тэлевiзар падскочыў угору, закруцiлiся плафоны на столi... Нехта закрычаў... Больш дапытлiвы журналiст нiчога не помнiў. Апрытомнеў у кабiнеце галоўнага хiрурга. Сястра, якая праводзiла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кiрыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкiмi зрабiлiся ногi, i пальцы iх варушылiся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, i яна прамакнула ўсю слiну; язык прылiп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзiўнага стану ў целе. Сястра схiлiлася над iм i ўсмiхнулася, яму здалося, насмешлiва. - Нарабiў я вам клопату. - Ён не пачуў цi не пазнаў свайго голасу. - Нiчога, на першы раз гэта з многiмi здараецца. Тады ўсплыла карцiна таго, што прывяло яго да непрытомнасцi, i Кiрыла ўстрапянуўся: - Што там? - Аперыруюць. - Яна жывая? - Безумоўна. Хiба аперыравалi б на мёртвай? Ён на поўныя грудзi ўдыхнуў паветра i адразу адчуў сябе лепш. - Ляжыце спакойна, - строга сказала сястра i выйшла з кабiнета. Ён глядзеў у белую столь i... бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далонi, на шырокай добрай далонi. Яму не рабiлася страшна i непрыемна, ён з цiкавасцю ўглядаўся ў гэты маленькi i вельмi складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькi тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, наблiжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кiрыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелi праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круцiў галавой, каб рассеяць прывiд. Так паўтаралася колькi разоў, i яго пачало трохi лiхаманiць. Заглянула сястра. - Як вы тут? - Што там? - Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевiзары бачыла. Кiрыла ледзь не закрычаў. Лiха на iх, як яны гавораць пра такiя рэчы! "Зашываюць сардэчную сарочку". Нiбы зашываюць начную сарочку. Але разам з тым гэта настроiла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлiвасць. Падумаў, як, напэўна, Антон i жанкi будуць кпiць з яго. "Усё бярэшся апiсаць - нараджэнне i смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыi". Паглядзеў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць. Каля дзвюх гадзiн ужо iдзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такi напiша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш i не хоча, каб пра яго пiсалi. I не толькi пра аперацыю... Абавязкова напiша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. I пра бацьку яе! Задумаўшыся пра сваю работу, Кiрыла Васiльевiч набыў душэўную раўнавагу i ўспомнiў, што на дванаццаць яго выклiкаюць на бюро гаркома. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калi iдзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое - знаёмыя Шыковiча: загадчык кафедры ў педiнстытуце Левановiч i галоўны архiтэктар горада Гамбiцкi.