Сэрца на далонi, частка 2
- У чым - у галоўным? - спытаў Гукан. - У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хiтраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевiч. I вы, Сямён Парфёнавiч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнiчаў. Жонка i зараз настаўнiчае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналiста лёгкая? - Чакайце, - перапынiў яго Тарасаў. - Чаму вы задаяце такiя катэгарычныя пытаннi? Нiхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна. - Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносiны ў сям"i? Я жыў i жыву з жонкай, далiбог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзецi не чулi. Калi спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Мiж iншым, часцей за ўсё менавiта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, i, думаю, нядрэнны. Але ў адносiнах сваiх дзяцей робiць тую ж памылку, якую робяць многiя мацi ў iнтэлiгентных сем"ях. Асцерагаюць ад фiзiчнай працы. "Я сама зраблю". Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работнiцы. Прынцыпова. Усё робiм самi. I я не сказаў бы, што сын мой Уладзiслаў - гультай i лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелi. Пасля дзесяцiгодкi хлопец пачаў адбiвацца ад рук. За яго ўчынкi, i ў прыватнасцi за апошнi ўчынак, я бяру вiну на сябе. Вас не вiню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганiзацыi тэлестудыi. Няма там нiякай работы. Але пра гэта - пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нiчога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапiў у добрыя рукi - у брыгаду Ганчарова. - На станкабудаўнiчы? - здзiвiўся Тарасаў i глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваiх формул. - Да нас? Цiкава. - Аднак дырэктар зусiм не выказваў гэтым "цiкава" здзiўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць - паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлiвы Грыбок. - Яшчэ як цiкава! Проста з турмы, без перасадкi, - у брыгаду камунiстычнай працы. Куды там глядзiць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевiч, што робiцца! Шыковiч адчуў, што спiну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы. "Няўжо яны супраць, каб Славiк быў у брыгадзе?" Больш, чым пры любой другой акалiчнасцi дагэтуль, спалохаўся за сына. I разгубiўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькi жорстка i несправядлiва... Зноў - каторы раз ужо! - уявiлася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкiх, пераканаўчых, каб абаранiць сына, не было. Кiрыла пакутлiва шукаў iх. Яму сказалi раз i другi: "Сядайце". Кiрыла дайшоў да сэнсу слова толькi тады, калi перад iм падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы i не панiжаючы голасу, нацiскi рабiў стукам алоўка аб стол, паўзамi. Атрымлiвалася важка, пераканаўча, салiдна. Шыковiч, думкi якога насiлiся ад аднаго полюса да другога, успомнiў, што Кушнер, намеснiк старшынi гарвыканкома, камiчна перадае Гуканаву манеру выступаць, i не стрымаў усмешкi. - ...Вы думаеце, калi працуеце вы, жонка, дык гэтага даволi? Не, Кiрыла Васiльевiч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзiнкi. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскiя паводзiны чалавека... I яны часта з"яўляюцца рашаючымi ў выхаваннi дзяцей. Гляньце на сябе! Уважлiва гляньце на свае паводзiны! Вы аналiзуеце другiх - прааналiзуйце сябе. Вы здзiўляецеся, чаму ваш сын вырас такi? А я не здзiўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. I я не супраць таго, што вы купiлi машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзiць ваш сын.