Сэрца на далонi, частка 2
Кiрыла падумаў: "Як можа пераўтварыцца чалавек! Цi той гэта Антон, просты, свойскi, шчыры хлопец?" Той. Убачыў сябра i кiўнуў галавой, усмiхнуўся зусiм звычайна. Нацягнуў тонкiя гумавыя пальчаткi, падышоў блiжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсiх, хто чакаў у перадаперацыйнай: - Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасцi. Прашу: нiякiх каментарыяў. Поўная цiшыня. Каму дазволiў, сядайце тут, - ён кiўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцiн. - Астатнiя глядзяць па тэлевiзары. Калi ласка, - i адступiў убок. Чалавек сем хiрургаў-практыкантаў, бесцырымонна адцiснуўшы Шыковiча ўбок, хутка i смела прайшлi ў аперацыйную, залезлi за шырму. "Прабiўны журналiст", можа, упершыню разгубiўся - што рабiць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша: - Кiрыла Васiльевiч! Заходзь! Шыковiч нясмела ступiў у "святую святых" медыцыны. Цяпер на яго звярнулi ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кiрыла не адразу пазнаў яе) i ў пальчатках, перакладала на маленькiм столiку блiскучыя iнструменты, быццам лiчыла, цi ўсё ёсць. Яна ўсмiхнулася яму вачамi. Майзiс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалi перашэптвацца: "Хто гэта? Хто?" Яраш наблiзiўся, па-сяброўску падмiргнуў, паўшэптам спытаў: - Не баiшся? Кiрыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг iх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго iсцi на аперацыю: "Самлееш ты, Кiрыла, я ж ведаю, як ты баiшся крывi". "Ну, глупства, самога мяне рэзалi - не млеў". Галiна Адамаўна, наадварот, падтрымлiвала яго жаданне: "Нiчога страшнага. Яраш жартаваў". Ён i цяпер засмяяўся: - Аднак садзiся з краю, на выпадак чаго. Практыканты пацiснулiся, i Шыковiч сеў за шырмай. Першае, што ўразiла яго, - гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля iх вогнiшча, расказваючы план аперацыi, Антон хваляваўся, бадай, больш i прызнаваўся ў гэтым. А тут - ходзiць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць. Кiрыла прыкаваў да яго позiрк. "Не, не можаш ты быць такiм спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасi сябе". Аднак нiводная рыска не ўздрыгвае на твары хiрурга. Хiба толькi залiшне пiльна сочыць ён за калегамi i памочнiкамi, якiя таксама даволi спакойна поркаюцца каля апаратаў. Апараты... Апараты... Розныя. З экранамi. Без экранаў. На калёсiках. З правадамi. Са шлангамi. Кiрыла ўспомнiў Ярашавы "лекцыi" па хiрургii, фразу, якую той аднойчы кiнуў яўна з гонарам: "Мая аперацыйная цяпер - што цэх". Сапраўды, што цэх. Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сiгнальнымi лямпачкамi, цi не той гэта апошнi цуд, па якi Яраш ездзiў у Кiеў, - апарат "сэрца - лёгкiя"? Яраш нешта кажа сваiм памочнiкам. Лекары адказваюць незразумелымi Шыковiчу словамi. Нечакана адчыняюцца другiя дзверы. Санiтары хутка i бясшумна падводзяць хворую i гэтак жа, да абразлiвасцi хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол. А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялiкiя вочы, i ў позiрку iх не страх, а як бы здзiўленне i любаванне ўсiм, што ўгледзела. Зося Савiч! Шыковiч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленнi - пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзiўна. Менавiта такой яна i ўяўлялася. Да незапамiнальнасцi звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём i хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамi прыгажосць, абаяльнасць i... мужнасць. Усё гэта цяпер толькi ў яе вачах, у яе позiрку.