Сэрца на далонi, частка 2
- Мы такiх разумнiкаў бачылi. I ведаем, чаго варта твая "шчырасць". - Чаго? - натапырыўся Славiк. - Я асабiста сапсутай гайкi за яе не дам. - А я плюю на вашу крытыку. - Ты дзе вырас такi? На Брадвеi? Мне шкада цябе. - Пашкадуй сваю маму. - Хлопцы! Хлопцы! - прасiў Генрых. - Вось такiя на родную маму гатовы плюнуць. А мацi ўжо тут. Валянцiна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Iвана. - Што ў вас, хлопчыкi? Можа, чаго не хапае? - Не. Дзякуем, Валянцiна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачалiся. Якая каманда сёння выйграе. "Здзекуецца, гад", - ажно перасмыкнула Славiка. Ён налiў сабе таго ж паганага вiна i дэманстратыўна, на злосць усiм, выплеснуў у рот. Маша, якая чула ўсю iх размову, цiха сказала: - Ты задзiрысты певень. - А ты рыжая курыца. Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славiка ўжо залез чорцiк: хлопцу хацелася ўсiх крыўдзiць i каб да яго таксама чаплялiся. Тое, што Маша не пакрыўдзiлася за "рыжую курыцу", трохi абяззброiла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы. - Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальнiка змены, iнжынера - нам, рабочым!.. Яго iнстытут не выхаваў, - даводзiў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з iх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) - Васiль Лапацiн. Ён прыехаў з жонкай. Славiк заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамлiва, а мужу падкладвала смачнейшыя i большыя кавалкi i ўвесь час непрыкметна падлiвала вiна. Ён выпiваў цiшком, як ваду. Славiка гэта развесялiла. "Вунь вашы праведнiкi як дзейнiчаюць", - хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Iванам. - Талстоўская фiласофiя ў цябе. Часам трэба i па мордзе даць. "Пра мяне, гады. Паспрабуй даць". - Я Волгу пераплываў... - Дзе? Каля вытоку? Самыя малодшыя, сярод iх i Вiктар, жартуюць на другiм канцы стала, у iх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы. "Нецiкава. Я вырас з гэтых штаноў". - Наташка, наелася? Бяжы гуляй. - Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хiба не ведаеш? - Гасцiнная натура! - Аднойчы на iмянiны яна запрасiла два класы - свой i паралельны. Помнiш, Антон? - У нас Славiк быў такi. "Быў... Быццам мяне пахавалi". - Хлопчыкi, ешце. Усё, што на стале, павiнна быць з"едзена. Кiрыла, прапануй тост. - Праўда, ён цiкавы, Косця? Як цыган. Глядзi, якiя вочы. Як вуглi. А зубы якiя! "Наiўна, але правiльна, сястра. Хвалi другiх, каб адвесцi ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй". Славiку рабiлася нудна, i ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся блiжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагi. Яна строга глянула на яго i адсунулася да Iры. Яраш з цiкавасцю прыглядаўся да моладзi. Пасля размовы з Машай, калi ён адчуў раптам разрыў памiж такiмi, як яна, i сабой, яго зацiкавiла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санiтаркi... Але сябры Тараса асаблiва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей. Пакiнуўшы Майзiса i яго жонку, якая стаiла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамi па выкашаным лузе мяч, спаборнiчаў у плаваннi, загараў. Услухоўваўся ў iх размовы. Але на адпачынку словы i думкi былi лёгкiя, як той мяч, што ганялi. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур"ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганiзаваць такую размову. Пастукаў вiдэльцам па пляшцы, просячы цiшынi. Моладзь адразу ўгаманiлася, бадай, хутчэй, чым перад тостамi Шыковiча. - Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру - выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.