Сэрца на далонi, частка 2
"Дарожкi ў парку падмятае твой Славiк! Пацалуйся iдзi з iм! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!" Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Iрай ледзь не здарылася iстэрыка. Дачка крычала: "Вось ён, ваш сынок, ваш любiмчык! Я даўно казала, што ён зганьбiць усiх нас! Божа мой! Якi сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вiнаваты вы! Абое вы. Бацькi! Патуралi, няньчылiся..." Валянцiну Андрэеўну тады абразiлi словы дачкi: быццам з ёй няньчылiся менш. А цяпер Iра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славiка i стрымлiвала сябе, каб не зарагатаць. Яны iшлi ад стала, якi накрывалi, убачылi Славiка, - спынiлiся за яго спiной. Маша глядзела здзiўлена, Iра - з iронiяй. Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iх i, схамянуўшыся, сурова сказала сыну: - Не крыўляйся. Устань! Славiк падняўся, не забыўшыся абтрэсцi калена, i паправiў канцы чырвонай вяровачкi, што замяняла гальштук. Валянцiна Андрэеўна раптам узлавалася: - I каб я не бачыла ў цябе на шыi гэтую дурацкую вяроўку. Выкiнь! Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая... I тут убачыў сястру i... Машу. Застыў у вялiкiм здзiўленнi. Потым ступiў крокi два ўбок, пакруцiў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблiзiўся да дзяўчат. Крыкнуў: - Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзiўнае стварэнне? - I да Машы: Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта снiў. Я снiў марсiянак. I ўсе яны падобны на вас. Далiбог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? - Ён паказаў на неба i зарагатаў. - Славiк! - сурова спынiла мацi. - Вядзi сябе прыстойна. - А хiба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлi я такiх не страчаў. Машу абразiла, як бесцырымонна, не пазнаёмiўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразiла i ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на мiг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакi, нiбы мацаючы, цi не гарачая. Сказала не яму - Валянцiне Андрэеўне: - А я такiх страчаю штовечар. У парку. I заўсёды п"яненькiх. Словы яе ранiлi сэрца мацi. Валянцiна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славiка - што з гусi вада. Ён галантна пакланiўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве: - Дзякую за высокую атэстацыю. Мабыць, адчуўшы настрой мацi, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Iра павярнула знаёмства на звычайны мiрны шлях: - Мой брат. Уладзiслаў. Ён добры, толькi крыўляка. - Ура! - гукнуў на ўвесь лес Славiк. - Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такi дзень! Прагрэс! - А гэта - Маша. - Маша? Мабыць, Славiку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, i такое простае iмя як бы працверазiла яго. Ён зусiм сур"ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкi момант вагалася - падаваць руку цi не. Гэта спалохала Валянцiну Андрэеўну. Што, калi яна не падасць рукi? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалi нячуласць, чэрствасць. Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсмiхнуўшыся. I ў гэты момант Валянцiна Андрэеўна даравала ёй усё. - Хто вы, Маша? - затрымлiваючы яе руку, сур"ёзна спытаў Славiк. - Сястра. - Чыя? - Аперацыйная. - Аперацыйная? - Вiдаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. - З бальнiцы? - Ён цiха свiснуў, нявесела пажартаваў: - Умее Яраш выбiраць сабе сясцёр. - I, ужо выпусцiўшы яе руку, адыходзячы, кiнуў убок, яўна з зайздрасцю: - Яраш усё ўмее. Мацi адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур"ёзнасцi, зразумела, як нялёгка было Славiку прыйсцi, i зноў пашкадавала яго: "Якi ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. I пад вачамi сiнiя ценi".