Сэрца на далонi, частка 2
Праз тыдзень, можа, не помню, бацька сказаў, што я магу наведаць дзiцячы дом у Высокай Будзе, гэта кiламетраў пятнаццаць ад горада. - Я ведаю. Там i цяпер дзiцячы дом, - кiўнуў Яраш. - Жонка бургамiстра Цiшчанкi, старая набожная баба, замольваючы грахi свайго мужа, займалася дабрачыннасцю - апекавала сiрот. Мы паехалi з ёй на машыне бургамiстра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлiвы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзецi, худыя, сiнiя, амаль усе без верхняй вопраткi, у адных падраных сарочачках, абступiлi нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў i папрасiла: "Цётачка, дайце кавалачак хлеба". У мяне не было хлеба, я нiчога не ўзяла, бо не думала, што дзецi там такiя галодныя. У дзiцячым доме! Яна, бургамiстарша, прывезла нейкiя пернiкi, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другiх такiх жа дзяцей. "Дайце iм, Анiсся Паўлаўна", - папрасiла я. Старая ханжа, звычайна слязлiвая i чуллiвая, там трымалася важнай дамай. "Усё трэба рабiць па парадку, мiлая. Арганiзавана!" Не адразу дзецi знайшлi свайго "пана шэфа". Стары, непаголены, пакамечаны i п"янаваты чалавек, дырэктар цi начальнiк, не ведаю, як ён у iх называўся, сустрэў нас не вельмi ветлiва. Дзiўна, што i дзецi толькi ўпачатку праявiлi цiкавасць, а потым старэйшыя пайшлi ў лес па дровы. Я адстала ад патранесы i начальнiка, запытала жанчыну, работнiцу дома, цi ёсць тут хлопчык Тарас Ганчароў. "Не, у нас ёсць Косця Ганчароў. Ваня, паклiч Косцю". З"явiўся худы цыбаты хлопчык гадоў дзевяцi. Не, Тараса ў iх не было. I ўвогуле дзецi такога ўзросту да iх больш не паступалi. Толькi старэйшыя. Можа, гэтая жанчына паспела перадаць нашу размову дырэктару. Але ён дзiўна даверыўся мне. Пакуль бургамiстарша раздавала свае гасцiнцы, ён стаяў са мной побач i шаптаў: "Слухайце, не трэба нам дабрачыннасцi. Нiчога нам не трэба. Нас кормiць насельнiцтва. Мы самi сябе кормiм. Але няхай яны не забiраюць дзяцей. Навошта яны забiраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў i пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто iх усынаўляе? Дзе? Я павiнен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забiрайце маiх дзяцей!" Гэта быў крык душы чалавека, якi падазраваў нешта нядобрае. Калi я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмi ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзiцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралi кроў... iх вывозiлi ў Германiю i малых анямечвалi. - Нямкамi рабiлi? Ой, горачка ж якое! - у вялiкай скрусе кiвала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкi. - Я там, у iх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з iм? - I не знайшлi хлопчыка? - бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з iх размовы. - Знайшоўся, - адказаў старой Яраш. - Дзе ж ён цяпер? - Цiкаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвiлiн пачцiвага маўчання. - Гэта мой сын. - Праўда? А божачка! - шчыра здзiвiлася i ўзрадавалася бабуля. - Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялiкi ўжо? - У армii адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? - звыкла развязваючы завязкi на рукаве халата, сказаў Яраш. - Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас. Зося зморана i ўсё яшчэ вiнавата ўсмiхалася. Дзяўчына на ложку каля акна, здалося Ярашу, упершыню глядзела на яго без страху. Ён падняўся. Залiшне заседзеўся. Стамiў, расхваляваў хворую. Вунь як блiшчаць яе вочы. Трымае недзе ў калiдоры другiх. Ва ўсiм патрэбна разумнае пачуццё меры. Яму не хацелася напамiнаць ёй пра бацьку. Але Шыковiч не даваў спакою. Урэшце, яна сама колькi разоў успомнiла бацьку.