Сэрца на далонi, частка 2

Iра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкi на твар, выцерлася i далучылася да жанчын. - Што мне рабiць, мама? Што ёй рабiць? Ёй так захацелася рабiць, абы застацца тут. У Валянцiны Андрэеўны сцiснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сiлу, як няўмела выхоўвала сваiх дзяцей. Якую даць работу, каб Iра магла рабiць яе з такiм жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позiрк непрыгожая, а ў сапраўднасцi элегантная, менавiта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць i трымацца? - Хадзем дроў напiлуем, - сказаў Iры Тарас. - Дровы? - здзiвiлася яна, але тут жа згадзiлася. Валянцiна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пiлаваць, бо нiколi ў жыццi не бралася за пiлу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, мацi, глядзець i параўноўваць, як працуе Iра i гэтая залатая чарадзейка. На мiг адступiлi некуды захапленне i любаванне дзяўчынай i з"явiлася раўнiвая непрыязь да яе. Агiднае пачуццё. Ёй, настаўнiцы, зрабiлася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павiнна быць шчырай i аб"ектыўнай. А другая жанчына - Галiна Адамаўна - у гэты момант думала: "Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзiў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калi ён прывёз яе, каб пазнаёмiць з Тарасам, то, значыцца, нiчога ў iх не было, яна добрая дзяўчына, i мне варта прылашчыць яе". Паднялося над лесам сонца - i ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкi марскi прыбой. Знiкала ранiшняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялiзнае блакiтнае шкло. Не было душна, як некалькi апошнiх дзён. Аднак сонца палiла няшчадна. Доўга чакалi рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлi. Снедалi пад дубамi. Шыковiч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсцi лязо для брытвы, хоць добра помнiў, што прывозiў iх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў. Валянцiне Андрэеўне, разважлiвай, спакойнай, якая нiколi не раўнавала беспадстаўна, стала смешна i сумна. З iронiяй назiрала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай - за Тарасам i Iрай. Каб толькi залатая чараўнiца не падзейнiчала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана. А ў Галiны Адамаўны, калi яна ўбачыла, як загарэўся Шыковiч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая фiласофiя: мужчыны - што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. I яна ўжо амаль ненавiдзела дзяўчыну. Але за сталом было весела. Шумелi дубы. Церушылiся на стол, у талеркi i шклянкi тонкiя сухiя галiнкi, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы лiст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена. Ва ўсiх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа i па-дзiцячы прыгожа. Шыковiч любiў такую здаровую, "эстэтычную", як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы мацi, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад "Запiсак вучанiцы". I раз-пораз выбухала такiм залiвiстым смехам, што i ўсе дарослыя смяялiся, хоць i не ведалi, што там, у кнiзе. - Ох, не магу! Памру, - дрыгала Наташа пад сталом нагамi. - Усё, як у нашым класе. - Наташка, не крыўляйся. - Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталi, дзядзька Кiрыла? - Не. - Вы нiчога не чытаеце. Самi пiшаце, а нiчога не чытаеце. - Наташа! - Правiльна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бi, - ухвалiла Валянцiна Андрэеўна. - Валя! Ёсць i другiя правiлы для дзяцей. - А я чытала - i нiчога там смешнага. - Бо ты, Iрка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.