Сэрца на далонi, частка 2
Кiрыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомнiць. Цi ўбачыць ён яе, жывую, другi раз? Яраш, усё такi ж спакойны i велiчны, прыветлiва кiвае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нiчога не сказаўшы, ён адыходзiць. Працягвае рукi Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткi i накрывае яго вялiкiя рукi салфеткай. Ён садзiцца. Ён адпачывае. Можа, апошнi раз прадумвае план аперацыi. А яго памочнiкi - лекары i сёстры не вельмi каб спешлiва падключаюць да хворай датчыкi апаратаў: пад спiну, да галавы, да рукi, да нагi... Правады, шлангi звiсаюць над сталом. Шыковiчу чамусьцi больш за ўсё кiнуўся ў вочы i запомнiўся маленькi апарацiк, якi надзелi Зосi на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксiгемометр прыбор, якi вызначае насычанасць крывi кiслародам.) Яраш расказваў яму пра назначэнне многiх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковiча ўсё пераблыталася. Ды прыборы i машыны яго нiколi не цiкавiлi. Цiкавяць людзi. Цяпер больш за ўсiх яна, Зося. I лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хiба можна ў такi момант быць такiмi марудамi? Хацелася крыкнуць Антону: "Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падганi iх!" У самога яго ўсё часцей i мацней б"ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання i нецярплiвасцi: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзiс, першы асiстэнт, кiдае: - Гатова, Антон Кузьмiч. Толькi ў гэты мiг блiскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосi iскра страху. Шыковiч ловiць гэтую iскру. Невядома, што робiцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху ва ўсiм целе. - Наркоз! Вера Паўлаўна! - устае з табурэцiка Яраш. Секунды - i павекi хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае. Над сталом загараецца велiзарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкiдвае прасцiну, i Шыковiч бачыць яе грудзi, залiтыя яркiм святлом, зусiм дзявочыя, па кулачку, - узгорачкi з ружовымi маячкамi на вяршынях. Яму робiцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзiць позiрк на Яраша. Той падыходзiць да стала, хвiлiну пiльна глядзiць на хворую i раптам праводзiць пальцам пад левай груддзю, потым - ад падложачкi пад паху. Вось так ён распаласуе ёй грудзi? Шыковiчу робiцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся! Скiраваць увагу на што-небудзь другое! Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакiтная стужка, як тая змейка ў бажоўскiм сказе. На другiм - маланкi, то ўзлятаюць, то падаюць, пiшуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хiрурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель. Шыковiч зажмурваецца, уявiўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасцiны. Але храбрыўся ён дарэмна, крывi ён сапраўды баiцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны i Майзiсавы ногi ў белых панчохах. Нешта цiха патрэсквае, нiбы рвецца тканiна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баiцца глянуць на стол. Першы позыў на рвоту. Але сорам i страх перамагаюць, i Кiрыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робiць хiрург. I перад тым, што ён бачыць, на нейкi момант адступае ўсё iншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пiсаў, - вось яно, перад яго вачамi, у раскрытых грудзях. Невялiкае, трапяткое, а галоўнае - жывое! Пульсуе, б"ецца... Кiрыла ажно зноў прыўзнiмаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда. Зусiм iншы рытм работы хiрургаў i лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе - уважлiвыя i напружаныя. - Цiск восемдзесят на пяцьдзесят.