Сэрца на далонi, частка 2
Майзiс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цiкаўнасцi: у яе свая фiласофiя - падабацца перш за ўсё гаспадынi. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменнi, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем: - Вось вы якi! А я думала, вы, як Антон Кузьмiч. Гэта не спадабалася Галiне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былi падобны на Антона Кузьмiча? Калi праз пяць хвiлiн сабралiся рыбалiць, Яраш спытаў у сына: - Тарас, iдзеш з намi? - Не, я застануся, памагу жанчынам. Тады i "моднiца" звярнулася да гаспадынь: - Дазвольце i мне застацца на кухнi. З-за цiкаўнасцi - "А што ты ўмееш рабiць, галубка?" - Валянцiна Андрэеўна тут жа згадзiлася, каб Маша памагла iм. Яна надзела фартушок, спрытна i прыгожа завязала на галаву касыначку i неяк адразу ператварылася ў простую, сцiплую i надзiва дамавiтую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галiну Адамаўну. А калi Маша пачала раiць, якiя закускi можна згатаваць з тых прадуктаў, якiя Тарас выцягнуў з пограба, Валянцiну Андрэеўну здзiвiлi яе кулiнарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калi прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды i фасон не такi ўжо стыльны - проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянцiна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды. - Хто вам шыў, Маша? - Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзiла ў палац чыгуначнiкаў на курсы кройкi i шыцця i там пазнаёмiлася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасцi, калi Геня пашыла дыпломнае плацце. Маша засмяялася. I Валянцiна Андрэеўна засмяялася. I Тарас. Цяпер ён зусiм iнакшымi вачамi глядзеў на дзяўчыну - зацiкаўлена i прыязна. Галiне Адамаўне i гэта не спадабалася. "Ацiраешся каля бабскiх спаднiц, - падумала яна пра Тараса. - Вельмi нам патрэбны такi памочнiк! I што ты робiш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзiр камбрыгады". Але сама яна мiмаволi любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хiба рознiцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухi, здаецца, не гуркi крышыць, а iграе на невядомым iнструменце. I кубiкi гуркоў у яе роўненькiя, прыгожанькiя, такiя ў iх, старых гаспадынь, не атрымлiвалiся. "Калi яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хвалiць", - падумала Галiна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала: - Дзе вы навучылiся так кулiнарнiчаць? - А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работнiцай. У палкоўнiка. - Вы... хатняй работнiцай? - Чаму вы здзiвiлiся? Нас у мамы пяцёра засталося, калi бацька загiнуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў... Па яе тону здагадалiся, якi быў у iх калгас. А яна нiбы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць i яе вiна. Глянула на Галiну Адамаўну, потым на Шыковiчыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку: - Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабiць, навастрыце нож. Тупы. Тарас, пачырванеўшы, кiнуўся шукаць асялок. Валянцiна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асаблiва пасля такой бiяграфiчнай даведкi. Яна любiла вось такiх - настойлiвых у дасягненнi жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сiмпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсiм вiдаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула i насцярожанасць, з якой ставiлася да яе жонка Антона Кузьмiча. I прычыну зразумела. Не абразiлася, не пакрыўдзiлася, але здзiвiлася, што ў самой яе таксама з"явiўся пэўны халадок у адносiнах да Галiны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбiць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянцiны Андрэеўны. Яны хораша гутарылi. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работнiцай, пра сям"ю палкоўнiка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае iмкненне быць арыстакраткай.