Сэрца на далонi, частка 2
Пакуль што Яраш аддаў яе тэрапеўтам, каб падлячылi, паназiралi, зрабiлi ўсе кардыяграмы, здымкi i аналiзы. Сам заходзiў рэдка, раз у тры днi, на кароткi час, як лекар. Гэта не зблiжала, наадварот, аддаляла iх. Калi ў дзень сустрэчы ён казаў ёй "ты", то цяпер звяртаўся на "вы", як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома. У той жа час папрасiў Машу, каб тая наведвалася да Зосi. Ён сказаў пра гэта аперацыйнай сястры чамусьцi крыху збянтэжана: - Маша, ёсць у мяне да вас просьба... Яна адразу насцярожылася. - Калi ласка, Антон Кузьмiч. - I падняла свае тонкiя рукi, каб паправiць бялюткi чэпчык на высокай дзiвосна залатой кукле валасоў. Ён даўно заўважыў, што яна заўсёды слухае вось так - з паднятымi рукамi. - У тэрапii ляжыць хворая Соф"я Савiч. Нам з вамi, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў бы, каб вы наведвалiся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё. Яраш адчуваў, што, выказаўшы такую просьбу, ён абавязаны растлумачыць Машы, хто ж такая Савiч. Але што сказаць? Што Зося ратавала яго ад смерцi? Чамусьцi не хацелася, каб да аперацыi пра гэта даведалiся ў бальнiцы. Ён добра ведаў, што, бадай, няма большых легендатворцаў i аматараў сенсацый, як лекары i сёстры. Падумаўшы пра легенды, ён сказаў пра другое: - Вы ведаеце, Маша, я не люблю казак. Але ёй расказвайце пра мяне любыя легенды. Сястра застыла, як манекен, зграбная i халодная; яна заўсёды астывала, калi чаго не разумела. Ён растлумачыў: - Пра маю хiрургiчную славу. Псiхiчная падрыхтоўка. Маша ўсмiхнулася проста i цёпла, здавалася, што ўсмiхнуўся не толькi яе твар, вусны, а ўся постаць - ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног. - Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьмiч. - Не будзем гаварыць адно аднаму камплiментаў, Маша. Нам не патрэбна псiхiчная падрыхтоўка. Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну. Днi праз два Маша зайшла да яго ў кабiнет у той час, калi ён адпачываў памiж дзвюма складанымi аперацыямi. Яна не магла не ведаць, што хвiлiны такога адпачынку былi свяшчэннымi. Як добры актор настройвае сябе на iнакшае псiхалагiчнае гучанне ў другой дзеi, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккiм крэсле, скiнуўшы чаравiкi, паклаўшы ногi на другое крэсла, i палiў. I вельмi не любiў, калi хто-небудзь заходзiў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленнi ведалi. На стук у дзверы адказаў незадаволена: - Хто там? - i скамячыў цыгарэту. - Я. Ён здзiвiўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая i надзiва збянтэжаная. Куды падзелiся яе разлiчаныя, да ненатуральнасцi артыстычныя рухi! Спынiлася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вiнаваты. Яраш хутка сунуў ногi ў чаравiкi. - Што здарылася, Маша? - Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьмiч, - сказала яна так, як магла б сказаць тады, калi ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовiцца. - Мы не разумеем адна адну. Яна, Савiч, адносiцца да мяне з дзiўнай падазронасцю... - З падазронасцю? - перапытаў Яраш. - Можа, не тое слова я сказала. Але... дзiўная яна. Пра такiх у нас кажуць: нелюдзiмая. - Нелюдзiмая? - з суровым дакорам перапытаў ён i гэтай суровасцю зусiм збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: - Сядайце, Маша, - i паказаў на тое мяккае крэсла, у якiм толькi што сядзеў сам. Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапiла да суровага i бязлiтаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклiвую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.