Сэрца на далонi, частка 2
- А Кiрыла Васiльевiч? - Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем... - То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот. Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная? Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з"явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна: - Славiк, схопiш аплявуху. Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу. - Славiк! Паскуда! Я маме скажу. - Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала. Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла: - Прынясi, сыне, пiва з пограба. - Чакай, паслухаю людзей будучага. - Дык хто пачне, хлопцы? - запрашаў Яраш. - Косця! - падказала жонка Лапацiна. Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць. - Сядайце, Косця. Што вы! - адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. - Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi. - Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем... - Я скажу, - адгукнуўся Косця. - Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат... - Вось гэта шчыра! - засмяяўся Славiк. Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю: - Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды. - Баiшся? - зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех. - Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя... - Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi. - Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, - не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы. - Маўчу, як фаршыраваная рыба. - Славiк зацiснуў рот далоняй. - Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных... - У Косцi хрысцiянская мараль, - перапынiў сябра Iван Ходас. - Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне - радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм - гэта найвышэйшая форма барацьбы. - Супраць каго? - За што? - Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных... - А калi iх не стане? Знiшчым? - Ага! - Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў - маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? - горача насядаў Ходас на Косцю. - Завёўся ўжо! - папракнула яго Вера, жонка Лапацiна. Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў: - Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?