Сэрца на далонi, частка 2
Усё, напэўна, iшло добра... Але прачнулася Iра (у сям"i Шыковiчаў адна мацi ўставала рана). У халаце, з ручнiком, заспаная i хмурая, з"явiлася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у мацi. Здзiвiлася, угледзеўшы Машу. Iх пазнаёмiлi. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Iра глядзiць на яе зняважлiва i насмешлiва: "Адкуль ты такая спрытная ўзялася?" Гэта закранула Машына самалюбства. "Няхай жонка Яраша глядзiць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робiш вялiкую ласку? Не мiргай сваiмi блiзарукiмi вачамi. Я ўсё бачу". Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму: - А я ведаю, як вас ратавалi ў вайну. Як шукалi... - Мяне? Iра хмыкнула. - У вайну ён пешшу пад стол хадзiў. Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзiўленага Тараса: - А вы не помнiце? Нiчагусенькi? А я помню, як праводзiлi тату на вайну. Мне iшоў чацвёрты год. Перад вачамi стаiць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў - помню. Трымаў мяне на руках i плакаў. А я выцiрала яму слёзы. Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлi i разбiваў качаргой у печы галавешкi. Водсвет жару залацiў яго белыя валасы. Iра ўсмiхнулася, падумаўшы: "Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? - I тут жа ўспомнiла: А-а, Яраш расказваў пра "залатую сястру", - i зноў хмыкнула: - Залатая!" Можа, Iра нешта сказала б, але мацi глянула на яе строга, папярэджваючы. Валянцiна Андрэеўна рабiла пiрог, i рукi яе былi ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Iра падумала, што i сiвая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на iх iмправiзаванай кухнi! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны i бацькi - да дроў: - Тарас! Дровы вашы залiшне сухiя. Не трэба такi агонь. Усё папалiць. Знайдзiце сырэйшыя дровы. Тады Iра нечакана для сябе самой прапанавала: - Тарас! Хадзем купацца. Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянцiны Андрэеўны. Мацi што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Iра? Тая Iра, якая чырванела i абуралася, калi пры ёй пачыналi размову пра каханне, хлопцаў-жанiхоў, замужжа. Малодшы Славiк сваiмi бесцырымоннымi жартамi часта даводзiў яе да слёз. А яна, Валянцiна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу: "Боязна мне за Iрку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзiмая. Дваццаць год, а яна што дзiця. Баюся, не выйсцi ёй замуж. Шчэ гэтая блiзарукасць". "Выйдзе", - адказваў аптымiст Шыковiч. Жонка папракала: "Не думаеш ты пра дзяцей". "Калi мы абое пачнём гэтулькi думаць, як ты, замнога ўвагi iм будзе. Лепш навучы яе суп варыць". Iра нават з iмi, жанчынамi, не надта ахвотна хадзiла купацца. Больш адна. А пры мужчынах нiколi не скiдала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнiкi. I раптам яна запрашае хлопца iсцi купацца. Удваiх? Валянцiна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Iрай? - Я ўжо купаўся, - адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння. У гэты момант Галiна Адамаўна папрасiла яго схадзiць па ваду. Ваду для пiцця i стравы бралi ў ляснiцтве. - Давайце я прынясу, - адгукнулася Iра. Схапiла вёдры i пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фiзiчнай працы. Мацi, здзiўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсiх другiх, глядзела ёй услед. I раптам зiхнула думка: Iра, яе Iра закахана ў Тараса. Гэта так вiдавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нiчога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула сапернiцу... I знiкла сарамлiвасць, замкнутасць усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянцiне Андрэеўне стала i радасна, i балюча, i боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносiцца да Iры? Яна, мацi, лiчыла б за шчасце, каб такi хлапчына, разумны, стрыманы, разважлiвы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Iрынiна каханне толькi сёння? Навошта з"явiлася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля iх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца цi лавiць рыбу.