Сэрца на далонi, частка 2
Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сiнiм алоўкам кароткiх смешных чалавечкаў, пiльна паглядзеў на Шыковiча праз вялiкiя люстраныя акуляры, у якiх адбiвалiся вокны i дрэвы на вулiцы, сказаў: - Але, накуралесiў твой Уладзiслаў. - Што ён зрабiў? - Напiўся. Прыставаў да ангельскiх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад iх? Раскрычаўся, што скiне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калi ласка, камандуючы ракетнымi войскамi! - абурана перасмыкнуў Тукала плячамi. - Усяго? - мiмаволi вырвалася ў Кiрылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчынiў сын. - "Уся-го"?! - Тукала падхапiўся, загрымеўшы крэслам, абурана кiнуў аловак, i шасцiграннiк пакацiўся па доўгiм стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спынiўся на самым краi. - "Усяго"! Ты чуў, Станiслаў Iванавiч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамi цi забiў каго?.. Шыковiча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як кацiўся аловак, i сур"ёзна зацiкавiўся, якая перашкода спынiла яго на самым краi стала. Сказаў лагодна: - Не крычы, Аляксей. Але той ужо ўзрушана хадзiў па кабiнеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) i размахваючы iмi. - "Усяго"! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пiшам адно... Шумiм пра высокiя матэрыi... А ўласныя дзецi... У гэты мiг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак звалiўся. Шыковiч перавёў позiрк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзiмай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, якi слухаў з сумным i збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялiкiя залысiны. I чамусьцi ўспомнiў, што ўсе яны равеснiкi, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсiх выглядае Тукала, здаецца, якiм быў гадоў дваццаць назад, такiм i застаўся, нават нiводнай сiвай павуцiнкi ў валасах. Падумаў непрыязна: "Умее сябе берагчы, чорт". А Тукала ўсё больш разыходзiўся: - ...Канешне, калi бацька будзе выкiдваць з кабiнета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад... Калi бацька сабе дазваляе... Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступiлi на мазоль, i папрасiў: - Аляксей Рыгоравiч!.. Пагаворым спакойна. Тукала на момант асекся. Шыковiч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якiм з"еў не адзiн пуд солi. Сказаў з глыбока затоенай iронiяй: - Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай... Гэта быў тонкi намёк на тое, што Тукала некалi пакiнуў першую жонку з дзiцем. Ён зразумеў гэты намёк i закiпеў яшчэ горш. Але голас панiзiўся: - Я не думаю цябе вучыць. Але калi ты лiчыш, што з цябе мала таго, што зрабiў твой сын, то з мяне гэтага - вось так. - Ён правёў далоняй па шыi. - Я не буду трымаць у сябе хулiганаў. Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковiчу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведамiць аб рашэннi звольнiць Славiка, а таму ён гэтак i нерваваўся. "Баязлiвец! Атрымаў цёплую пасаду i забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносiны". Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну i тую ж вiну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кiрыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукi ў кiшэнi, ступiў блiжэй да рэдактара пад яго спакой. - Страхуешся? - спытаў знешне спакойна, але з"едлiва. - Мне няма чаго страхавацца! - ужо без нервовасцi, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры. - Лягчэй за ўсё выкiнуць чалавека з калектыву, - уздыхнуў Жывiцкi. Нiколi не спяшайся...