Сэрца на далонi, частка 2
- Яна нiчога не расказала вам пра сваё жыццё? - Не, нiчога. - Вы чулi што-небудзь пра доктара Савiча? Маша пакiвала галавой - не. Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так i такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькi яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваiм магутным целам i такiм чынам даверлiва наблiзiўся да яе. - Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносiлiся з падазронасцю? - Я? Калi бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек... Але гэта не тая падазронасць! - Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе - не зразумела яго. - Скажыце, а вы нiколi не баялiся людзей, Маша? Яна ўсмiхнулася, але ўсмешка не растапiла халоднага неразумення i не зварухнула застылыя рысы твару. - У школе я баялася нашага гiсторыка. Мне дрэнна давалася гiсторыя. Ярашу здалося, што пра гiсторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хiтры i тонкi сэнс. Ён не здзiвiўся, бо заўсёды лiчыў яе разумнай i дасцiпнай. Закрыўшы далонямi вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю? У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор: - Хто яна вам, гэтая Савiч? Антон Кузьмiч хутка адняў ад твару рукi. - Вы маглi б, Маша, спытаць пра гэта адразу. Я сказаў бы вам. Зося Савiч ратавала мяне ў падполлi ад смерцi. - Вас? - Маша здзiвiлася, устрапянулася i адразу стала звычайная: сур"ёзная, але чуткая, як сейсмограф. Магчыма, нейкi момант яна не давала веры, што тая худзенькая, маленькая, спакутаваная - скура ды косцi нелюдзiмая жанчынка ратавала такога асiлка. Яраш, зразумеўшы гэта, сказаў: - Яна мужная дзяўчына. I ў яе цяжкi лёс. Смерць бацькi, загадкавая смерць. Нямецкi канцлагер. Сiбiр... Хвароба. - Ён падняўся, вялiкi, крыху ўсхваляваны, выйшаў з-за стала. - Я хацеў, Маша, каб вы растапiлi лёд у яе душы. Пiльна назiраючы за iм, Маша нейкi час яшчэ сядзела. А потым падхапiлася, збянтэжаная: нiколi яна не садзiлася, калi доктар Яраш стаяў. Цяпер ёй было сорамна i за тое, што яна не здолела нават шчыра пагаварыць з Савiч, i за тое, што вось так настойлiва дамагалася тлумачэння ад Антона Кузьмiча. Што ён можа падумаць? Але яна не стала прасiць прабачэння i не стала запэўняць, што цяпер пастараецца ўсё зрабiць, каб хворая не адчувала адзiноту. А зусiм нечакана папрасiла пра другое: - Антон Кузьмiч, раскажыце пра гэта на нашым камсамольскiм сходзе. - Пра што? - Пра сваю работу ў падполлi. Пра тых людзей... Пра Савiч... Яраша трохi здзiвiў такi нечаканы паварот. Ён пiльна ўгледзеўся ў яе вочы-азёры з залатымi берагамi: сур"ёзна яна цi зноў з iронiяй, помсцячы, што ён нiчога не расказаў адразу? Не, сястра прасiла сур"ёзна. I яго хораша кранула такая яе сур"ёзнасць. Калi яна выйшла, Антон Кузьмiч зноў сеў у крэсла, зноў запалiў (другую цыгарэту!) i доўга думаў. Пра лёс Зосi. Пра пакаленне, якое не ведае падазронасцi i нiчога не баiцца... Але што ён, Яраш, ведае пра гэтае пакаленне? Належаць да яго Тарас i Маша... Але ёсць i Славiк Шыковiч... Як i чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славiка? Як далёка ён, нядаўнi камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення! Калi быў апошнi раз на камсамольскiм сходзе? Год дзесяць ужо, не менш, публiчна не расказваў пра падполле. Чаму? А раней, калi часам выступаў, цi расказаў хоць раз пра Зосю Савiч? Не, так, мiж iншым, зрэдку ўспамiнаў дзяўчыну, якая памагла ўратавацца. Цяпер яму стала сорамна i агiдна. Няўжо i ён баяўся? У падполлi не баяўся сто разоў iсцi на смерць, а тут... Адразу пасля вайны адчуваў маральны абавязак перад памяццю таварышаў, якiя загiнулi, напiсаць пра iх барацьбу. Не напiсаў. Пiсаў дысертацыi. Кандыдацкую, пасля доктарскую (якую збiраецца абараняць). Гэтым апраўдваўся перад сваiм сумленнем. А потым увогуле падполле пачало здавацца далёкай гiсторыяй, да таго ж вельмi заблытанай людзьмi i часам. Ён не зразумеў нават адразу жадання Шыковiча вярнуцца да гэтай гiсторыi, ператрусiць яе, перагледзець. Яму здавалася, каму гэта патрэбна цяпер? I вось уваскрэсла з мёртвых Зося Савiч... Ужо тады, у тую ноч, калi расказваў пра яе Шыковiчу, ён, Яраш, зразумеў, што гэта патрэбна людзям, патрэбна новаму пакаленню - Тарасу, Славiку, Вiцю, Наташы. Пасля размовы з Машай, пасля яе нечаканай просьбы расказаць пра ўсё на камсамольскiм сходзе ён пераканаўся ў гэтым цвёрда i непарушна.