Сэрца на далонi, частка 2
- Усё адно - з каго. Але я так мяркую, што пiсьменнiку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такiмi пытаннямi, - сказаў Гукан, зноў-такi нават не глянуўшы ў бок Шыковiча. - Ну, што ж... Раскажыце, таварыш Шыковiч, як вы выхоўваеце сваiх дзяцей. Кiрыла падняўся i... раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такiх абставiнах - тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклiкаюць з-за сына. Хвалявала другое - аперацыя. I цяпер зноў, узiраючыся ў шырокi добры твар Тарасава, Кiрыла бачыў... сэрца на далонi. На вялiкай, умелай, чулай, ласкавай далонi Яраша. I захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро - пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць... Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсцi яму лагiчнай сувязi, "трывалага мастка" памiж адным i другiм i яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок "расказвае казкi", "водзiць бюро за нос". З чаго ж пачаць? Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцiнку i выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнiчаў, глядзелi на яго, адны - з цiкаўнасцю, другiя - са спачуваннем, трэцiя - з трывогай. Ён стрэўся позiркам з Гуканам, той, можа, адзiн з усiх глядзеў амаль зларадна. "Чаму?" Успомнiлiся словы Гукана. З iх ён i пачаў упэўнена i смела: - Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмi многа. Не толькi як бацька, але як сябра партыi, грамадзянiн... Не здымаючы з сябе адказнасцi за паводзiны майго сына, я хачу разабрацца... пранiкнуць у сутнасць... з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыi моладзi трапляюць вось такiя... - Як ваш сын, - кiнуў Грыбок. - Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з"ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады... - Гаварыце за сябе. Па сутнасцi, - сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскi, малады высокi брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковiч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: "Сам ты ў студэнцкiя гады, вiдаць, быў хват", - i адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна: - Маё жаданне разабрацца - не па сутнасцi хiба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такiм, якiм бы хацелася i мне, i грамадству, - не толькi вiна бацькоў... Думаецца, што ўсе разам мы робiм у гэтай важнейшай справе сур"ёзныя промахi... Школа, камсамол... - Вы не ўмееце выхоўваць, а вiнаваты камсамол! Здорава! - хмыкнуў няўрымслiвы Грыбок. Шыковiч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкi скразняк, i - быццам захлынуўся iм. Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзiў: - Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць. Грыбок паслухмяна апусцiў галаву. Але Шыковiча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. I ён не стрымаўся, каб не спытаць уедлiва: - А вы лiчыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе iдэальна? Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветлiва: - Кiрыла Васiльевiч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. I ў нас во колькi яшчэ пытанняў. - Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад iм, i адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усiмi i глядзеў паверх галоў. - Але, - пацвердзiў першы сакратар з нечаканай строгасцю. - Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковiч. - Добра, Сяргей Сяргеевiч. Як я выхоўваю сваiх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць - абсалютна правiльна, бо абсалютна правiльнае выхаванне, у маiм разуменнi, само па сабе - абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы - я i жонка - нiколi не давалi дрэнных прыкладаў...