Сэрца на далонi, частка 2
- Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка? Маўчанне. - Нiхто не ведае? Косця? - Шчурка. - Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем! - Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, - прабурчаў Iван Ходас. - Не папракай! - крыкнуў Косця. - Я не папракаю. Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзiўляўся: "Чаму я думаю пра яе? Дзiўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усiм... I сабе". Як задрыжалi яе вусны, калi Шыковiчы адзiн за адным - сам, Славiк, мацi пайшлi ў дом, а Iра i Яраш пачалi прасiць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывiлася Галiна Адамаўна, яна асуджала Машу, асаблiва ёй не падабалася, што муж просiць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзiсы адразу пачалi збiрацца дадому. Хлопцы падзякавалi Ярашам i, вылезшы з-за стала, тут жа знiклi. З Машай яны не развiталiся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну i да д"ябла, няхай маўчаць. "Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?" - Куды ён хоча падацца цяпер? - Хто? - Гэты... "атамшчык". - Славiк? Не ведаю. - А навошта яму куды падавацца? У бацькi грошай хопiць. - Не думай дрэнна пра Шыковiча. Гэты чалавек правiльны. - А сынок? - Чорт iх ведае, адкуль яны бяруцца, такiя сынкi. - Глядзiце, зноў коршак. Што ён выглядае? - Шкада, што не паслухалi Яраша. Пра што ён хацеў расказаць? - Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду! Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад i сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць iх твары. Тарас падняў галаву i паглядзеў: сур"ёзна ён? Маленькi, але ладна збiты, загарэлы, чорны, Косцiк сядзеў на пяску, як будыйскi бажок; блiшчалi зубы i гарэлi вочы - прыкмета таго, што ён гатовы да знямогi абараняць сваю iдэю. Iван Ходас глянуў на яго адным вокам i свiснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку. - Не хапае табе дзярма? - А што? Калi мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях? - Завод не школа-iнтэрнат. - Сябры, цiкавая з"ява - супрацiўленне матэрыялаў... - Генрых, не трызнi. Цi захоча ён сам? - спытаў Лапацiн i павярнуўся на спiну, тварам да сонца. Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б iм не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака. Генрых пiсаў пальцам на пяску доўгую формулу. - Я пагавару з iм. - Ты згодзен? Тарас? - Iван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу. - Вар"яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробiцеся пазёрамi. Я - супраць. - Гаворыш, што камунiзм - гэта змаганне, а сам не хочаш лiшнi раз паварушыць рукамi i мазгамi. Як жа ты думаеш змагацца за такiх?.. - Гнаць у шыю. - Куды? - На ўсе чатыры. - Ну i логiка ў цябе! - Логiка жалезная. А чаму я павiнен падбiраць усялякае смецце i выкладаць элементарныя нормы паводзiн? Я сам сябе яшчэ не выхаваў. - Вось гэта правiльна! - Сам баiцца, каб гэты "стылiст" не перавярнуў яго ў сваю веру. Як жыд папа. Ведаеце показку? - Пiшы свае формулы! Канструктар лiпавы! - Хлопцы, не сварыцца! - Лапацiн запляскаў у далонi. - Усiх вас выхаваюць жонкi. Толькi жанiцеся... - Цябе выхавала? - А што ты думаеш? Я таксама ў пажыўныя мясцiны заглядваў, як жаўтароцiк гэты. Нават калi ў брыгадзе ўжо быў. А паспрабаваў бы цяпер! - То-та, бачу, валасы ў цябе пачалi радзець. Зарагаталi. Жарт найлепшым чынам прымiрае людзей. Тарас адчуў, што настрой ва ўсiх узняўся. Лапацiн брыкнуў Iвана нагой. Той злавiў нагу i пацягнуў "жанацiка" да вады. Тарас ускочыў, разбурыў усе Генрыхавы формулы i схапiў Лапацiна за рукi. На падмогу iм кiнуўся Косця. Утрох яны раскачалi свайго паважнага сябра i шыбанулi ў раку, ведаючы, што ён кепска плавае i баiцца вады. Самi скочылi следам за iм. Пырскi блiснулi на сонцы вясёлкавымi пералiвамi. Хвалi пакацiлiся на пясок, лiзанулi Генрыху ногi. Ён устаў, прыгожа пацягнуўся, кiнуў на адзенне акуляры i, разагнуўшыся, ракетай пайшоў пад ваду. Ён быў лепшы плывец. I ўсе яго сябры, што дурэлi ў вадзе, сцiхлi, з цiкавасцю i, магчыма, з трывогай чакаючы, калi i дзе Варэнiк вынырне. Ён вынырнуў амаль на сярэдзiне ракi. Паплыў хутка, спрытна выкiдваючы з вады ўсё цела. Не плыў, а ляцеў.