Трывожнае шчасце, частка 1
болю і крыўды.— У хворай.— Да раніцы — у хворай! — Ён хмыкнуў зняважліва, злосна.— Дзівак ты! У здаровай. Прымала роды... Хлопчык!..— Роды?! — І адразу куды дзеліся ўсе яго шматгадзінныя сумненні, расчараванні. Зноў вярнулася адчуванне шчасця, спакою. Ён лёгка ўздыхнуў і нават ціха засмяяўся. У сэрцы яго апрача кахання з"явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэнні чалавека, пры якім яму, дарожнаму тэхніку, напэўна, ніколі ў жыцці не прысутнічаць! Не, яна не толькі прысутнічала, яна памагала нарадзіцца чалавеку, без яе магло б здарыцца няшчасце. Вось якая яна, яго Саша! І яму зрабілася вельмі сорамна і брыдка за сваю рэўнасць. Які ён дурань! Так кепска думаць пра Сашу! Ён тут жа пакляўся сам сабе, што ніколі-ніколі ў жыцці больш не падумае пра яе нічога благога...— Даруй, Сашок, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі.— Завошта?— Я лаяў цябе, што ты сышла немаведама куды.— Ты прабач, што я не папярэдзіла. — Яна падышла і дакранулася далоняй да яго гарачай галавы. — Спі.Ён схапіў яе руку і... прыпаў вуснамі да яе халодных ад эфіру, спірту і начной вільгаці пальцаў.Здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Але адна рэч — юнацкі розум, які здольны быў разважліва ацаніць усе падзеі, зразумець і прымірыцца нават з прагнасцю гаспадыні, і зусім іншая рэч — юнацкія пачуцці, над якімі розум часам не мае ніякай улады. Пятро пакляўся ўначы, што ніколі ў яго сэрцы не будзе такога агіднага пачуцця, як рэўнасць, і што ён не будзе звяртаць увагі на гаспадыню і, на злосць ёй, будзе жыць паўмесяца, а то і больш (заняткі, у сувязі з практыкай, у іх пачыналіся на месяц пазней — у кастрычніку). Але ўсе гэтыя клятвы і перакананні мелі сілу нядоўга — да раніцы, пакуль ён спаў. А потым зноў пачаліся непрыемнасці, і зноў з-за гаспадыні.Колькі яшчэ ў нас выпадкаў, калі шчырае каханне, самыя лепшыя пачуцці і жаданні разбіваюцца аб вострыя скалы матэрыяльнага разліку, скнарасці ці проста чалавечай дурноты. Калі такія людзі стануць на дарозе да твайго шчасця, юнак, смела падымайся над імі: у такім выпадку ты маеш поўнае маральнае права зрабіць гэта і, стаўшы над імі, спіхай іх прэч з дарогі, не зважаючы ні на што — ні на іх сівыя валасы, ні на словы любві да цябе... Праўда, абставінызвычайна складваюцца так, што гэта вельмі нялёгка зрабіць. Але знайдзі ў сябе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць....На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Саша ажно пасвятлела ад задавальнення — размова памагла. Але калі селі за стол, выявілі, што няма хлеба.— А хлеб, Аня? — спытала Саша, думаючы, што гаспадыня забылася падаць хлеб.— Хлеба няма, Шурачка. Ніяк змалоць не магу, тыдзень бегаю на млын. Гэта ж цэлае няшчасце... Раней у адной нашай вёсцы колькі млыноў было, а цяпер на паўраёна — адзін млын. Хто сядзіць там — той меле. А мне сядзець няма калі. Каровы яшчурам хварэюць. Свая карова сёння нічога не дала, баюся, каб не захварэла! Гэта ж такое няшчасце будзе...Звычайна маўклівая, яна зрабілася надта мнагаслоўнай і ўсё гаварыла пра свае няшчасці і пра тое, як ёй цяжка жыць. Але Саша не слухала яе, яна не паверыла, што хлеба няма, і зноў адчувала сябе няёмка перад Пятром. А яшчэ горш адчуваў сябе Пятро — бульба перасядала ў горле, хоць ён учора не вячэраў і быў галодны. Настрой сапсаваўся зноў. Магчыма, калі б Саша заставалася з ім увесь дзень, ён хутка забыўся б на ўсё гэта. Але, як наліха, з раёна прыехаў інспектар санстанцыі, дарэчы, малады хлопец, і яны пайшлі ў суседнюю вёску рабіць нейкую прафілактыку. Пятро на ўвесь дзень застаўся адзін і не ведаў, чым заняцца. А вядома, калі чалавеку няма чаго рабіць, то якія толькі думкі ні прыходзяць у галаву. Праўда, прыступу беспадстаўнай і недарэчнай рэўнасці больш не было, але думкі ўсё ж прыходзілі сумныя.