Трывожнае шчасце, частка 1
— Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.— А чаго ёй любіць мяне, калі... — Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:— Як табе не сорамна!Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з"явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель — укладаць дзённікі і вершы.— Ты куды? — здзівілася Саша.— Пайду, — упарта паўтарыў ён.— Зараз? — Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. — Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?— А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. — Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.— Куды ж ты пойдзеш?— Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей — на шашу.— Ты звар"яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! — Яна рашуча загарадзіла дзверы.Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:— Ты камандуй кім іншым...— Ты — дурань.— Вядома, я — дурань, бо ёсць разумнейшыя...— Божа мой! — прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. — А абед? Ты пойдзеш без абеду? — раптам успомніла яна.Але роля ўяўнага пакутніка — страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.— Не трэба мне твой абед! — Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, — глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:— Што ж, калі ты такі — ідзі!Яму вельмі хацелася спытаць — які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.— Дай я пакладу яблык на дарогу...— Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!— Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. — Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.— Ідзі. Будзь здароў. — Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:— Пеця!Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала — упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!