Трывожнае шчасце, частка 1
На наступны дзень Сашу яшчэ да снедання павезлі ў суседнюю вёску. Прыехаў па яе сам старшыня калгаса, тоўсты вясёлы чалавек, які, убачыўшы Пятра, раптам пачаў віншаваць дзяўчыну і вельмі збянтэжыў гэтым іх абаіх. Саша паабяцала хутка вярнуцца, але не вярнулася і на абед. Тады, не маючы больш сіл сумаваць і думаць ліха ведае што, Пятро пайшоў у тую вёску, куды яна паехала. Яму «пашанцавала». Ён сустрэў Сашу ў канцы вуліцы. Яна стаяла з нейкім маладым чалавекам і весела размаўляла. У Пятра ёкнула сэрца, але ён рашуча наблізіўся. Саша здзівілася, убачыўшы яго.— І ты тут? — спытала яна і пачырванела.Гэта ўзмоцніла яго падазронасць, ён тут жа ўспомніў, што і роды пазаўчора яна прымала ў гэтай жа вёсцы. Кроў балюча стукнула ў скроні.— Знаёмцеся, — сказала яна. — Гэта мой... брат.Малады чалавек, які, аднак, быў гадоў на пяць старэйшы за Пятра, з усведамленнем уласнай годнасці працягнуў руку і назваў увесь свой «тытул»:— Настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч. Пятро ў адказ буркнуў адно імя.— Хадзем, Аляксандра Фёдараўна, пагуляем у валейбол, у школе якраз мае калегі і вучні старэйшых класаў сабраліся, — прапанаваў настаўнік.Саша адразу згадзілася, і гэта яшчэ больш балюча разанула па сэрцы юнака. «Яна з радасцю згаджаецца, не думаючы, што я прыйшоў па яе, што я не абедаў...»Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод людзей незнаёмых, асабліва ў прысутнасці дзяўчат і жанчын. Тым больш цяжка было яму знаёміцца з настаўнікамі і настаўніцамі ў такім душэўным стане: ён не мог вымавіць слова, не мог адказаць на жарт. Да таго ж ён не ўмеў гуляць у валейбол. Упершыню гэты недахоп здаўся яму страшэнна ганебным. Пятро згараў ад сораму. Ён сядзеў збоку і з рэўнасцю глядзеў, як весела гуляюць на пляцоўцы. Не адводзіў вачэй ад Сашы і Ўладзіміра, заўважаючы кожны іх рух, ловячы кожнае слова, якое яны гаварылі адно аднаму. Яны гулялі ў адной камандзе, былі ўвесь час побач і, як здавалася Пятру, знарок білі па мячы адначасова, каб дакрануцца адно да аднаго. І ўвесь час весела смяяліся. Між іншым, Пятро пачуў, як Уладзімір сказаў ёй:— Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.— Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? — са смехам спытала Саша. Ён не адказаў.— Ці не раўнуеш ты часам? — жартавала далей яна. — Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта — перажытак... а ты — чалавек новы, перадавы... І раптам... заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха... — смяялася яна. — Чаму ты маўчыш?Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць — гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ёняшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:— Я пайду.— Куды? — не зразумела Саша.— Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!Саша адразу змоўкла — куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць — не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула: