Трывожнае шчасце, частка 1
Падсілкаваўшыся яблыкамі, узбадзёраны сваім разумным учынкам, ён рушыў далей і яшчэ дацямна мінуў балота, густы сасновы лес і прыйшоў у вялікую незнаёмую вёску. Спытаўшы назву вёскі, даведаўся, што знаходзіцца на беразе Сожа. Гэта ўзрадавала. Але вартабыло падумаць пра начлег, бо параход на Гомель, як сказалі яму, будзе толькі раніцой. Ён ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць, і выдумляў прычыну, куды і адкуль ён ідзе, каб даць пераканальныя тлумачэнні гаспадарам. І раптам — неспадзяваная сустрэча. Гэта часта здараецца, што мы сустракаем знаёмых там, дзе зусім не думаем убачыць іх. Белакосая пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара, каля якога Пятро прыпыніўся, і яны адразу пазналі адно аднаго. Некалі ў маленстве разам вучыліся — у пятым і шостым класах, потым бацькі яе — работнікі саўгаса — некуды паехалі ў іншы саўгас, і яны не бачыліся колькі год. Сустрэліся зноў у горадзе, у медыцынскім тэхнікуме, дзе Люба вучылася на адным курсе з Сашай. Але яны не сябравалі, больш таго, Саша не любіла гэтай сваёй аднакурсніцы, і Пятро, каб дагадзіць Сашы, пазбягаў яе, а калі, здаралася, і сустракаліся, то віталіся, гаварылі адно аднаму два-тры словы і разыходзіліся. І вось сустрэліся ў іншых абставінах...— Пеця? Ты?! — узрадавана, быццам убачыла вельмі блізкага чалавека, закрычала Люба. — Што ты тут робіш?— Я? — Ён прыдумаў некалькі варыянтаў, каб растлумачыць, чаму ён ходзіць тут, але ўсе яны прызначаліся для незнаёмых, а таму на момант сумеўся. — Я... проста хаджу... падарожнічаю... Цікава, ведаеш...— А-а, я забылася, ты ж — паэт. Табе трэба ўсюды хадзіць і ўсё бачыць...— А ты?— А я працую тут. У гэтай хаце кватарую. Заходзь. Я вельмі рада, Пеця, што сустрэла цябе. Ой, Пецечка! Тут такая сумота, такая сумота. Ніводнага культурнага чалавека. Няма з кім словам перакінуцца. Я так рада... Хадзем жа ў хату!Яна гаварыла бясконца, не даючы яму ні запярэчыць, ні падзякаваць. У кватэру ўвяла яго пад руку і адразу закрычала маладой гаспадыні:— Маруся! Глядзі, каго я прывяла! Мой школьны таварыш... Мы разам вучыліся некалі... А цяпер вось ходзіць, падарожнічае... Я выходжу на вуліцу, а ён стаіць — хатай нашай любуецца. Як адчуваў...— Ды ўжо ж адчуваў! — засмяялася гаспадыня.— Не, Маруся, не думай, што ён шукаў мяне. Ён і не ведаў, што я тут, а проста так ішоў. Але я так рада, што мы сустрэліся... Такрада...— А хто госцю не радуецца! — сказала гаспадыня, спрытнавыціраючы крэсла і ветліва запрашаючы сесці. Пятру яна здалася такой добрай, такой ласкавай, што ён адразу ўспомніў другую гаспадыню, з-за якой павінен быў пакінуць любую дзяўчыну, і сэрца яго зноў балюча сціснулася.««А хто госцю не радуецца!» Сапраўды, хто госцю не радуецца? А вось жа там не ўзрадавалася, ведзьма прагная! Я ўсё жыццё буду праклінаць цябе!»Зморанага пасля душэўных пакут, яго вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні.— Пецечка! Ты будзь тут як дома, умывайся!.. А я на хвіліначку выскачу... — Люба бегала па хаце, уздымаючы падолам сукенкі вецер.«Пецечка».Пятро ўспомніў, што Саша ні разу не назвала яго так пяшчотна, нават «Пеця» яна казала яму вельмі рэдка, усё неяк абыходзілася безназоўна. Чаму? Чаму яна пазбягала яго імя? Зноў успыхнула падазронасць. У жыцці яго амаль ніхто так не называў — памяншальна-ласкава. Дома маці, сёстры, суседзі чамусьці з самага маленства, як ён і помніць, называлі Пятро ці Пятрок, што, ён лічыў, адно і тое ж, бо «к» гэтае большасць людзей неяк глытала. У тэхнікуме — усе сябры і настаўнікі — звярталіся толькі па прозвішчу — Шапятовіч. Неяк ужо так здараецца, што аднаго называюць толькі па імі і да гэтага ўсе прывыкаюць, нават у афіцыйных абставінах, другога ж — толькі па прозвішчу, нават у самай інтымнай сяброўскай кампаніі.