Трывожнае шчасце, частка 1
— А табе ж на работу!— Ат, кажуць, работа не воўк, у лес не ўцячэ. Напрацуюся яшчэ. А грыбоў не стане. Чорт не схопіць гэтых хворых.Яна не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым рамантычна настроеным і сумленным хлопцам. Ён слухаў яе і думаў пра Сашу, пра яе працу. І тое, што Саша цэлымі днямі не бывала дома, праз што ён раўнаваў, пакутаваў і зрабіў глупства, уяўлялася цяпер як высакароднае служэнне справе.Аднак Любе ўсё-такі ўдалося ўгаварыць яго пайсці па грыбы, і яны прахадзілі па лесе гадзін да трох дня. Грыбоў сапраўды было шмат. Але больш часу яны патрацілі на дзіўную гульню: Пятро стараўся як-небудзь адысці ад Любы, якая ўсё больш і больш рабілася яму абрыдлай, і паблукаць аднаму, памарыць, падумаць, а яна ні на крок не адставала, быццам баялася, што ён уцячэ. І напэўна б уцёк, каб зноў не партфель, які яму не ўдалося ўзяць з сабой.Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Вярнулася крыху ўсхваляваная і паведаміла:— Перадавалі па радыё, што Гітлер напаў на Польшчу. Там ваююць... Дзядзькі баяцца, каб на нас не пайшоў... Кажуць, што ён хоча забраць Польшчу, каб да нашай граніцы дайсці.— Што ты?! Мы толькі дагавор заключылі! Такі дагавор! Аб ненападзе і дружбе!Паведамленне пра вайну ў Польшчы ўсхвалявала Пятра, але зусім па-іншаму: ён, як і шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу і лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне. Гаспадыня спалохалася больш за ўсіх — за мужа-салдата. Ёй хацелася хутчэй даведацца, што гавораць людзі старэйшыя, паважаныя, і яна пабегла ў сельсавет. Выкарыстаўшы, што яны засталіся адзін на адзін, Люба без дзявочай сарамлівасці абняла Пятра.— Ведаеш, Пеця, я баюся, каб мяне не ўзялі ў армію.Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў. Ён, як і ўсе яго сябры, лічыў службу ў арміі за гонар і з нецярплівасцю чакаў, калі яго прызавуць. Як жа ён мог паважаць чалавека, які баіцца арміі? Люба стала яму з гэтага моманту проста ненавіснай, і Пятро сур"ёзна задумаўся, як хутчэй пайсці адгэтуль. Дзіўная рэч! Тады, калі ён адчуў сябе пакутнікам, абражаным і прыніжаным, у яго хапіла рашучасці пайсці ад любага чалавека, а цяпер гэтай рашучасці не было: не мог ён на ласкавасць і цеплыню адказваць няўдзячнасцю і грубасцю нават чалавеку абрыдламу. Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў.Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся на другі бок. Там, на лузе, ён адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена.Мінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца — у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая — не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб"екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы... Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль