Трывожнае шчасце, частка 1
— Ты хочаш, каб я хутчэй паехаў? — з дакорам і крыўдай сказаўён.— Я хачу, каб ты заўсёды быў са мной. Але нельга ж забываць пра справу.— Я на паўмесяца абагнаў усіх.— А нічога не скажуць, што цябе так доўга няма пасля свята?— А хто можа сказаць!— Ведаюць хоць, дзе ты?— Ніхто не ведае.— Трэба ехаць, Пеця. Так нельга.— Я надакучыў табе?— Божа мой, які ты дурны!.. Я хачу як лепш, каб не было непрыемнасцей, а ён... глупства вярзе...Але на другі дзень прыйшла тэлеграма ад сябра: «Неадкладна вяртайся. Дырэктар, камітэт пагражаюць табе страшнай карай». Сябра гэты здагадаўся, куды знік Пятро, у чамадане ягоным знайшоў пісьмы і такім чынам даведаўся адрас Сашы.З болем у сэрцы пакінуў Пятро жонку і пайшоў толькі з умовай,што яна штодзень будзе пісаць яму.Бясконцай здалася яму ў той пераход знаёмая дарога па пры-дняпроўскай раўніне, хоць ён і прымушаў сябе захапляцца хараством маладой зеляніны і няспынна думаў пра Сашу. Між іншым, марыў, што калі-небудзь ён збудуе тут, у гонар Сашы, дарогу па сваім праекце — дарогу цудоўную, па якой прыемна і радасна будзе хадзіць людзям, нават маладажонам, калі ім давядзецца пакідаць адно аднаго.Раней жартаўлівы і шумны сярод блізкіх сяброў, Пятро зрабіўся сцішаны і замкнёны. Замыкаюцца і адасабляюцца людзі звычайна ад гора, але бывае, што замыкаюцца часам і ад шчасця. Пятро як бы баяўся, каб хто не абразіў, не запляміў яго светлых і чыстых пачуццяў. За прагул яго лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Ён адказваў:— Так, ездзіў, — і ўсміхаўся, як, напэўна, усміхаўся б чалавек, якому раптам адкрыліся ўсе таямніцы свету. Сапраўды, ён адчуваў, нібы зрабіўся сталейшы за ўсіх сваіх сяброў, нават за тых, што старэйшыя за яго па гадах, — сталейшы, бо жанаты і шчаслівы, бо перажыў тое, чаго яны, відаць, яшчэ не перажылі. Сябры дзівіліся, гледзячы на яго. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Гэтая чутка ў адзін міг разнеслася па тэхнікуме. Дзяўчаты з малодшых курсаў прыходзілі ў чарцёжную і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва. Хлопцы-сябры дапытваліся, ці праўда гэта, жартаўліва віншавалі, а ён у адказ толькі ўсміхаўся ўсё той жа таямнічай і радаснай усмешкай. Зноў працаваў Пятро над праектам дзень і ноч, каб дагнаць і апярэдзіць сяброў і такім чынам выкраіць час яшчэ раз з"ездзіць да жонкі. Адрываўся ад працы толькі для таго, каб збегаць на пошту — спытаць, ці няма пісьма. Дзён колькі пісьмо не прыходзіла, і ён зноў пакутаваў, яму зноў успомніўся Ўладзімір Іванавіч, яго словы, запіска і іншыя недарэчнасці. Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён.Праз тыдзень, забыўшыся на дырэктара і на камітэт, на ўсе іх папярэджанні, Пятро зноў ляцеў да Сашы. Больш ён не чакаў ні машыны, ні парахода, а з цягніка пабег па знаёмай дарозе, і здалася яна цяпер вельмі прыгожай.У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Пятру не спалася ад адчування шчасця, ад той душэўнай узнёсласці, якая ўсё яшчэ не пакідала яго, хоць ішоў другі месяц, як яны пажаніліся. Ён ляжаў на краі ложка і баяўсяпаварушыцца, адчуваючы на руцэ мяккія валасы Сашы. Яна спала спакойна, роўна дыхаючы. Ён асцярожна павярнуў галаву ў бок Сашы і любаваўся ёю; і ў сне на яе твары адбіваліся нейкія пачуцці: вусны то складваліся ва ўсмешку, то застывалі ад сур"ёзнай увагі, то іранічна крывіліся, зрэдку ўздрыгвала брыво. Гэта ігра рыс на любым твары здавалася Пятру такой прывабнай і пацешнай, што яму вельмі хацелася цалаваць і вусны, і вочы яе, але ён баяўся разбудзіць жонку.