Трывожнае шчасце, частка 1
А таму Люба сваёй хітрай ласкавасцю закранула адну з тых тоненькіх струн душы, якую вельмі нялёгка знайсці, але, знайшоўшы, даволі лёгка зайграць на ёй. Свядома яна гэта рабіла ці несвядома — хто ведае. Магчыма, што яна ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Ва ўсякім разе, на рамантычнага, узнёслага ў сваіх марах юнака такі зварот яе зрабіў моцнае ўражанне, ён быў удзячны Любе, і яму захацелася адплаціць ёй такой жа ўвагай і ласкавасцю. Адчуванне цеплыні і сардэчнасці дапаўняла гаспадыня сваёй ветлівасцю. Люба пайшла, а гаспадыня памагла яму ўмыцца — узлівала на рукі, дастала з куфра чысты, вышываны пеўнікамі ручнік. А потым адразу ж распаліла на прыпечку і пачала смажыць яечню. Спрытна ўвіхаючыся, Маруся даверліва расказвала пра сябе. Маладая салдатка, муж служыць у арміі, яна жыве са свякрухай, але старой дома няма — пайшла да дачкі, і добра, што няма яе, бо старая хоць увогуле і добрая жанчына, але, як усе старыя, бурклівая: цяжка ёй зразумець маладых. А з Любай яны жывуць, як сёстры, — усё давяраюць адна адной.Звычайна сарамлівы з незнаёмымі жанчынамі, Пятро праз пяцьхвілін адчуваў сябе з гаспадыняй, як з сястрой.Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру — лепшае, што знайшлося ў краме. Яны ўтраіх сядзелі за сталом, Пятро, як госць, на самым покуце, і пілі гэты лікёр невялічкімі чаркамі з тоўстага жоўтага шкла — такія чаркі рабілі яшчэ да рэвалюцыі.Гаспадыня, весела падміргваючы Любе, гаварыла тосты:— Давайце вып"ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем за гэтым сталом...І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам...Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.Люба тулілася да хлопца, уздрыгвала ад холаду і ўсё скардзілася, што ёй адной сумна жыць у гэтай глухамані. Пятро, крыху ап"янелы ад выпітага лікёру, абнімаў яе і цалаваў у вусны, у гарачыя шчокі, у прарэз плацця на грудзях. Яна млява шаптала: «Пеця... Пецечка...» Але рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Яны пасядзелі на лавачцы каля хаты, пагаварылі ўжо без пацалункаў. Спаць ён папрасіўся ў гаспадыні пайсці на сенавал. Сена было на вышках у хляве. Унізе рохкала патурбаваная свіння, сонна ўздыхала карова, і да прыемнага водару лугавога сена прымешваўся пах гною. Але Пятро не заўважаў гэтага. Ён думаў пра падзеі пражытага дня, пра Сашу. Задаволены сабой, ён дакараў яе: «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася...» Ён, як і ўсе мы ў юнацтве, вымяраў уласную вартасць тым, наколькі падабаўся дзяўчатам. Але такі ўзняты настрой цягнуўся нядоўга. Напалі блохі. Так, так, чытач, звычайныя блохі, якія часта псуюць нам самы добры настрой. Пятро варочаўся, чухаўся, стараўся глыбока аб чым-небудзь задумацца, успомніць што-небудзь прыемнае. Але прыемныя думкі зніклі. Зрабілася брыдка ад блох, ад пацалункаў Любы, успомнілася, якія тоўстыя і мокрыя яе губы і якая сама яна тоўстая і мяккая, як пампушка. Ён паставіў іх побач — яе і Сашу, убачыў Сашыны ясныя вочы, і яму стала сорамна, ён сам сабе зрабіўся брыдкім.