Трывожнае шчасце, частка 1
— Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце... даражэй жыцця...Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.— Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так... не ўтрымала языка... Божа мой, такі наш лёс жаночы!..— Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду прыім...— Як ты паедзеш? А работа?— А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся... Я толькі пабачу яго, суцешу...— Але ж закон гэты...Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?— Не, я паеду. Што будзе — тое і будзе, а я не магу не ехаць.— То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе...— Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы... Паспею на рабочы поезд.— Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! — спалохалася гаспадыня.— Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мненоч!..З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасцьнечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б"ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе... Я не магу ляцець — я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці... »Дзе -нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра — і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца — закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч...Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, — а раптам скажуць, што яго ўжо няма! — і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і... спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.— Ты? — крыху здзіўлена спытала Люба. — Гэта ён цябе клікаў увесь час — Саша, Саша? Цяпер я разумею. — Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.