Трывожнае шчасце, частка 1
Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:— Ну, добры вечар. Будзь госцем.Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.— Стаміўся? — І гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.— Не трэба. Нінка падглядае... І наогул — ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам...— Братам?— Але , я скажу, што ты мой брат.— Навошта?— Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:— Добра. Буду братам... кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.— Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельміхацелася, каб ты прыехаў... Ты галодны, праўда? — магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.Не калі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:— Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў.Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, удругую коўдру.— Хадзем у хату, — і гарэзліва бліснула вачамі. — Ты прывёз дзённікі, праўда? — Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з"явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. І раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур"ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з"яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям"і, расла без маці.І вось яны сядзяць за адным сталом. Пятро не зводзіў позірку з твару дзяўчыны. У хаце гусцеў змрок, але ён бачыў яе любыя вочы, цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Яна падлівала малака і ціха прасіла:— Пі. Не саромейся. Дзіўны ты які.Ён не пытаў, чаму дзіўны, ды яна і не змагла б адказаць. Ёй было радасна, што ён прыехаў, што не толькі гучнымі словамі ў пісьмах, вершах і дзённіках, але справай даказваў сваё шчырае каханне. Але было і неспакойна на душы. Яна з трывогай чакала гаспадыні.І гаспадыня нарэшце прыйшла. Гэта была жанчына годтрыццаці пяці, худая, рухавая і не вельмі гаваркая. Муж яе трагічна загінуў на лесараспрацоўках. Яна засталася з двума дзецьмі, працавала даяркай у калгасе, і сям"я жыла не горш за тыя, дзе былі мужчыны. Дачка, безумоўна, паведаміла ёй яшчэ на вуліцы, што «да цёці Шуры прыехаў брат». Гаспадыня стрымана прывіталася кароткім расейскім «здрасте» і хуткім позіркам агледзела з галавы да ног невысокую шыракаплечую постаць хлопца.