Трывожнае шчасце, частка 1
Яна дастала пачак папер з нагруднай кішэні халата. Саша амаль вырвала з яе рук пакамечаную паштоўку, прачытала ўголас:— «Мая мілая, слаўная мама!Я жывы і здаровы. У нас пакуль што ціха. Настрой у нас добры, вельмі добры. Будзем біць ворага. Мілая мама, я хачу, каб цябе нічога не страшыла, каб ты была мужнай. Але калі табе, магчыма, скажуць што-небудзь дрэннае пра твайго сына, я прашу цябе: нікому не давай веры, мамачка. Я быў і заўсёды буду такі ж сумленны і праўдзівы, якім мяне выхавалі ты і тата. Я люблю сваю Радзіму гэтак жа, як цябе, мая родная мама. А яшчэ я люблю ісціну і праўду і ненавіджу иевуцтва, ты ведаеш гэта. Я абдымаю цябе і цалую. Твой Сеня ».Саша не ўнікла ў сэнс паштоўкі, у дзіўныя словы сына Марыі Сяргееўны, не здагадалася, колькі болю і душэўных пакут прынеслі гэтыя словы жанчыне. Крыху заспакоеная, што там «пакуль што ціха», з крыўдай падумала: вось сын напісаў маці, а Пеця ёй, сваёй жонцы, не піша.— Вы даўно гэта палучылі?— Дні чатыры...— Чаму ж не піша Пеця? Каб ён ведаў, як гэта цяжка — нічога не ведаць!— Ім не лягчэй, друг мой,— уздыхнула Марыя Сяргееўна.— Яны таксама, напэўна, нічога не ведаюць. I пісаць яны, безумоўна, пішуць... I Пятро, і Сеня... Усе. Але ўсё парушана. Адны пісьмы прарваліся, а другія, можа, пад бомбы дзе трапілі.— Калі я паеду, нічога не даведаюся больш... Як я там буду жыць? Мне не трэба ехаць... Трэба чакаць... ГІраўда?Марыя Сяргееўна, не адказаўшы, узяла з лаўкі малую на рукі, адгарнула марлю, зазірнула ў тварык. Дзіця спала. На міг на твар урача быццам упаў нейкі асаблівы праменьчык сонца, бо ад сонечных блікаў, што прабіваліся праз лісце таполяў, твары жанчын не святлелі: цяжкія думкі ляжалі на іх чорным ценем.Саша схілілася над дачкой і таксама ўсміхнулася:— Яна ціхая... Спіць і спіць.— Не, вам трэба ехаць,— рашуча сказала Марыя Сяргееўна, паднімаючыся і падаючы Сашы дзіця.— Вам нельга аставацца ніводнага дня больш. Сёння ўначы нехта спаліў паром...— Як жа нам цяпер пераправіцца?— Трэба ехаць на Лоеў. Можа, там цэлы.— А вы, Марыя Сяргееўна?— Я адна, мой друг. Адна, як у полі вярба. Я пайду з аношнім чырвонаармейцам.Саша раптам адчула страх: калі і Марыя Сяргееўна думав, што ёй прыйдзецца некуды ісці, значыцца, сапраўды небяспека блізка. Хвілін колькі назад яна ціха і мірна сядзела на знаёмым бальнічным двары, любавалася з крутога берага Дняпра, і ёй зусім не хацелася ехаць далей. А цяпер заспяшалася, цяпер ёй хацелася як мага хутчэй апынуцца на тым беразе вялікай ракі, лугавым і лясістым, быццам немцы маглі прыйсці сюды праз якую гадзіну. Яна расхвалявалася, пакуль чакала Аню, якая хадзіла адведаць сваячку, і заплакала, калі Марыя Сяргееўна на развітанне абняла яе.Калі выехалі за мястэчка, Саша раз-пораз прасіла:— Хутчэй, Аня, хутчэй.Аня, не шкадуючы, сцёбала пугай каня, але дарога была пясчаная, сонца стаяла высока і моцна пякло, конь стомлена матляў галавой і не хацеў бегчы. Хутка іх запынілі вайскоўцы і сказал і, што далей па беразе праезд закрыты. Можна аб"ехаць толькі па вёсках. Яны назвалі вёскі ўбаку ад Дняпра, паказалі на далёкія сады, што былі відаць за морам жыта. Але Сашы здалося страшным аддаляцца ад Дняпра на захад, і, не доўга думаючы, яна павярнула назад.— Куды ж мы цяпер? — спытала Аня.— Не ведаю, Аня,— бездапаможна адказала Саша.— Я нічога не ведаю. Можа, параімся з Марыяй Сяргееўнай...— А чаго раіцца! Трэба ехаць на Рэчыцу. Там — мост.