Трывожнае шчасце, частка 1
— Наташа, парсюка ты закалі, каб дзеці на нішчымніцы не сядзелі...— Добра, Ваня, ты не клапаціся пра нас, ты сябе глядзі, асцярожны будзь.— Тата! А ты забі гэтага Гітлера ды і вяртайся хутчэй.— Добра, сынок. Я заб"ю яго, гада. А ты маму слухай, Любку пільнуй.Можа, і абышліся б гэтыя праводзіны без гучнага плачу і галашэнняў, хіба толькі ў самую апошнюю хвіліну жанчыны не стрымаліся б, ды падвёў гарманіст. Ён доўга жартаўліва размаўляў з дзяўчатамі, што ішлі побач з ім, а потым неяк нечакана для ўсіх расцягнуў мяхі свайго гармоніка, зайграў і заспяваў старую-старую песню, якую кожны спяваў і чуў тысячу разоў. Але калі яе спявалі на мірнай бяседзе, то нікога яна асабліва не кранала — ці мала спяваецца ўсялякіх песень! А ў такі час...После-е-едний но-о-не-шний дене-о-очекГуля-ю с ва-ми я, друзья-я... Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць — так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу і села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта і пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзівавысокага і густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі...«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з"явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».Раптам Саша адчула, што нехта стаіць і глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.— Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся... Гэта — святое,— ціха сказаў ён, адводзячы позірк.Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку і хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:— I вы?— Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце... Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант... Камуніст...— Я разумею,— уздыхнула Саша.— Але гэта так цяжка — праводзіць на вайну...— Нічога, Аляксандра Фёдараўна,— бадзёра суцешыў яе настаўнік.— Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю... дык мы гэтага Гітлера... Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.Учора, калі Саша ад"язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік і якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, і Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным і паважала і які ішоў на вайну, не ўтрымалася і сказала нават жорстка:— Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы... Навошта? Вайна — не гульня. Вайна — смерць і гора.Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся і спытаў пра іншае:— Дачка, сын?— Дачка.— Цяжка вам будзе.— Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з"явілася. Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.— Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы,— сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок.— У мяне маці занядужала... адна асталася... Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна.— Голас яго задрыжаў.— Я пагляджу... Вы не турбуйцеся,— паабяцала Саша і раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю і пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, і Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў: