Трывожнае шчасце, частка 1
Пятро раптам застагнаў і паклікаў:— Мама! — потым сказаў нешта незразумелае: — На Ягадным не праедзем, не! Пойдзем!..«Мама»... У Сашы сціснула ў горле, яна і ўзрадавалася яго голасу, і раўніва жадала, каб ён паклікаў яе.Праз хвіліну ён расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на яе, як бы пазнаючы, потым квола ўсміхнуўся і прашаптаў:— Саша! — І тут жа паскардзіўся, як скардзіцца дзіця маці: — Мне вельмі балюча, Саша.— Балюча, Пеця, балюча, я ведаю. — Яна нахілілася і пацалавала яго ў гарачыя засмяглыя губы.Люба заглянула ў палату і сказала:— Ты пакармі яго, ён нічога не есць. Можа, ад цябе возьме...Ён сапраўды не адмовіўся, хоць яму было цяжка глытаць. Калі яна карміла, хворыя раптам хуценька леглі ў ложкі, зашапталіся:— Ідзе. Ідзе.Саша зразумела, хто ідзе, калі ўбачыла ў дзвярах Басю Ісакаўну. Галоўны лекар рабіла абход. Яна спынялася ля кожнага ложка, слухала тлумачэнні лекара-ардынатара, пытала ў хворага, як самаадчуванне, прыпісвала назначэнні. Дайшоўшы да ложка Пятра, яна сурова спытала ў Сашы:— А вы хто?Саша збянтэжылася і стаяла, як вінаватая вучаніца.— Я?.. Я — фельчар...— У маёй бальніцы я не ведаю такога фельчара! Хто вы хвораму?— Я?.. Сястра. — Яна не разумела, чаму не прызналася, што жонка, напэўна, пабаялася, што не павераць ці могуць сказаць што-небудзь крыўднае, абразлівае.— Хто пусціў? — павярнулася галоўны лекар да дзяжурнага доктара. Той паціснуў плячамі.— Я пусціла. Мы разам вучыліся, — з дзіўнай усмешкай сказала Люба.— Дазвольце мне застацца... — нясмела, са слязьмі ў голасе папрасіла Саша.— Паўгадзіны,— літасціва дазволіла Бася Ісакаўна, звяртаючыся да Любы.Сашу напалохала, як яны аглядалі Пятра, як, адышоўшы, шапталіся, паўтараючы страшнае слова «крызіс», і яна вырашыла не пакідаць мужа, як бы ні выганялі яе.Праз паўгадзіны Люба папрасіла, каб Саша пакінула палату, але хворыя напалі на Любу: не бачыце хіба, у якім цяжкім становішчы блізкі чалавек! Няхай сядзіць, нікому яна не замінае. Люба знікла і больш не з"яўлялася. Хворыя суцяшалі Сашу, падбадзёрвалі, называючы з ласкавай іроніяй сястрой. Яна не разумела, навошта яе суцяшаюць; яна не плакала, не ламала рукі ў роспачы, а проста сядзела і не зводзіла позірку з Пецевага твару. Жанчына не ведала, што яго боль, яго пакуты адбіваюцца і на яе твары, а збоку гэта было ўсім відаць.Пад вечар у палату зноў зазірнула Бася Ісакаўна.— Вы яшчэ тут? — Галоўны лекар амаль прастагнала: — Божа мой, што робіцца ў маёй бальніцы! — і злосна закрычала: — Любоў Андрэеўну і Зою Пятроўну — да мяне! А вы, галубка, ідзіце за мной.Саша паслухмяна пайшла, пакорлівая і маўклівая. У сваім кабінеце галоўны лекар загадала:— Скідайце халат!Саша скінула. Бася Ісакаўна замкнула халат у шафу.— Гэта мой халат, — паспрабавала пярэчыць Саша.— Ідзіце, і каб я больш не бачыла вас тут! Я яшчэ ў райздраў напішу, галубка...Саша выйшла на двор, села на лаўку і горка заплакала — ад крыўды, стомы і болю.Ноч, доўгую і пакутлівую, бадай што без сну — засынала на колькі хвілін трывожным сном і зноў прачыналася, — яна правяла ў сваёй былой гаспадыні. А раніцой зноў падышла да бальніцы. Але, відаць, галоўны лекар моцна паганяла ўвесь персанал, бо Сашу цяпер не хацелі і слухаць. Сёстры, што ішлі на работу, адмаўляліся выканаць нават простую просьбу — паведаміць, як здароўе Пятра. А Люба прашмыгнула міма і не прывіталася.Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы.