Трывожнае шчасце, частка 1
— Дзякую вам,— і хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі і не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра — цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы і галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, і прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з"явіцца на прызыўны пункт. Выгляд іх не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала іх слухаць і даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што і раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі... Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ дародаў.Вайна не далятала ў іх ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, і гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаМі і стрэхамі, ад іх гулу дрыжалі і тузаліся паветра і зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод і легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці і страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца і супакоіцца.У той жа дзень прыйшлі больш пэўныя весткі з фронту. Праз Рэчыцу прайшлі першыя эшалоны з раненымі, і многія жанчыны хадзілі туды, за трыццаць кіламетраў, з надзеяй, якая заўсёды жыве ў жаночым сэрцы: «А можа, і мой там?»«Нашы адступаюць!» — словы гэтыя ўскалыхнулі людзей і зрабілі большую паніку, чым сама вестка аб вайне. Саша паверыла Марыі Сяргееўне, якая сказала ёй на другі дзень, што немцы прарвалі пагранічныя ўмацаванні, але не спалохалася тады. Цяпер жа, калікожная жанчына, кожная старая перадавала суседцы з вялікай трывогай: «Нашы адступаюць», Сашу ахапіла жудасць. «Куды адсту-паюць? Чаму адступаюць? »Яна падумала пра Пятра. Куды адступіць ён? Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі, яна раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў і жахнулася яшчэ больш. Яна ніколі не ўяўляла, што ўваход на паўвостраў такі вузкі: ад фінскай мяжы да Кандалакшскай губы ўсяго некалькі міліметраў. А што, калі немцы і фіны прарвуцца там і перарэжуць чыгунку? Куды будуць адступаць тыя, хто ў Мурманску? Куды адступіць Пеця? Паўвостраў далека цягнецца на ўсход, але які ён голы там — ніводнага кружочка! А за ім мора сіняе, суровае, сцюдзёнае нават на карце. У той жа дзень яна атрымала тры пісьмы ад Пятра, але ўсе яны былі напісаны за колькі дзён да вайны і былі поўныя радасці. А Сашы вельмі хацелася атрымаць пісьмо, якое было б напісана хаця б у першы дзень вайны, каб даведацца — а яна прачытала б гэта паміж радкоў,— як там пачалося ў іх, што ён думае і што ён робіць, што з ім? З нездаровай, пакутлівай нецярплівасцю пачала яна чакаць такога пісьма. У гэтым чаканні прайшоў тыдзень. Вайна падступала бліжэй: у вёсцы з"яўляліся раненыя аднавяскоўцы. Саша перавязвала ім раны і прагна распытвала: як там? Але расказвалі яны надзвычайна мала, лаялі немаведама каго і паводзілі сябе так, быццам былі вінаватыя ва ўсім, што здарылася. Аднак, нягледзячы на самыя панічныя чуткі, на самыя страшныя расказы, мала хто ў гэтым ціхім прыдняпроўскім раёне думаў, што немцы могуць дайсці і да іх. У Сашы ні разу не ўзнікала такой думкі. Наадварот, здавалася, што жыццё, парушанае ў першыя дні, цяпер перабудоўваецца па законах ваеннага часу. Ніякая вайна не можа спыніць жыцця!