Трывожнае шчасце, частка 1
Яна засаромелася свайго прызнання, змоўкла, а ў яго гэтыя словы выклікалі такое замілаванне, такі прыліў пяшчоты, што ён да болю сціснуў яе худзенькія плечы.— Ой, задушыш, — са смехам вызвалілася яна з яго абдымкаў і адышла. — Чакай, нехта гаворыць там. Можа, да мяне...На вуліцы было ўжо зусім цёмна, дождж ішоў, як і раней, — дробны, густы. Ад хаты гаспадыні даносіліся галасы. Саша падышла да акна, прыслухалася. Калі галасы сціхлі, вярнулася назад на канапку.— А я не жартавала ў пісьме. Да мяне сапраўды сваталіся... Ды не сам жаніх, а яго маці. — І яна расказала ўсё.Гісторыя гэта была смешная, але Пятра яна ўстрывожыла. Ён раптам зразумеў, што маглі б скласціся так абставіны, што ён страціў бы сваю Сашу, асабліва пасля яго недарэчнага ўчынку. Ён моцна сціснуў Сашыны рукі і горача зашаптаў:— Сашанька, я хачу, каб ты была мая, назаўсёды мая... Каб ніхто... нішто... ні разлукі, ні войны... ніякія выпадковасці... нішто не магло разлучыць...Яна абняла яго і прыгарнула да сваіх грудзей, дзе моцна білася сэрца.— Я буду твая, Пеця... Твая... Назаўсёды... І ты мой... Блізкасць прынесла Пятру тое асаблівае адчуванне шчасця,якое, відаць, чалавек перажывае толькі аднойчы. Ён адчуваў сябе самым шчаслівым з усіх людзей, якіх ведаў і бачыў, і яму было шкада тых, хто не спазнаў яшчэ такога шчасця. Гэта быў час самагавысокага ўзлёту ўсяго найлепшага, што было ў яго душы, і разам з тым — час, калі знікалі яго наіўныя юнацкія мары і ўяўленні. Упершыню па-сапраўднаму адчуў ён прыгажосць жыцця, жаночага цела, чалавечых адносін. Ён хадзіў у стане нейкага незвычайнага ап"янення: увесь свет здаваўся яму ў гэтыя майскія дні, дарэчы, халодныя і непрыветлівыя, казачна чароўным, а ў цэнтры гэтага свету — яго сонцам, зоркай — была Саша, асвятляла сваім ззяннем, грэла сваім цяплом... Ён ішоў за Сашай у амбулаторыю, праводзіў да хворых у самыя дальнія вёскі і доўга чакаў дзе-небудзь на ўскраі, калі яна вернецца. І чакаць яму таксама было радасна, бо больш ужо не з"яўлялася неразумная беспадстаўная рэўнасць, якая мучыла яго раней. Яна знікла разам з блізкасцю, разам з усведамленнем, што Саша — яго жонка. Словы «муж» і «жонка», якія раней ён не любіў і лічыў грубымі, цяпер здаваліся самымі прыгожымі. Ён ганарыўся тым, што ён муж, і калі пачуў, як гаспадыня гаварыла адной жанчыне: «А гэта — муж доктаркі», — яму было надзвычай прыемна.Аднойчы ён сядзеў каля хаты гаспадыні, радаваўся першаму цёпламу дню і пераконваў сябе, што бачыць, як расце лісце на ліпах і трава пад нагамі... Пры незвычайнай узнёсласці адчуванняў хацелася, каб і навокал усё было незвычайным. Да яго падышоў малады чалавек, прывітаўся і нясмела сеў на гэтую ж лавачку з другога краю. Пятро не адразу пазнаў у ім Уладзіміра Іванавіча. Калі ж пазнаў, пачаў разглядаць з бесцырымоннай цікаўнасцю — так, што настаўнік, старэйшы за яго не менш як гадоў на пяць, збянтэжыўся. Убачыўшы гэтую яго збянтэжанасць, Пятро ўспомніў, які самаўпэўнены, спрытны і вясёлы быў настаўнік у мінулым годзе, на валейбольнай пляцоўцы, і адчуў сябе пераможцам, шчаслівейшым, а значыцца, больш дасціпным і спрытным. «Гэта табе не ў валейбол гуляць. Я пакажу, які я табе бука». І ён пачаў размову з настаўнікам такім тонам, якім дарослыя размаўляюць з дзецьмі.— Як справы, таварыш педагог?— Нічога, дзякую, — сур"ёзна і паважна адказаў Уладзімір Іванавіч.— Вы што выкладаеце?