Трывожнае шчасце, частка 1
«Які я гадкі!.. Яшчэ не астыў Сашын пацалунак... Яе пацалунак... Не, не мог ён быць апошні... Яна проста сказала гэтым: «Да новай сустрэчы... » Яна ні ў чым не вінавата... Усё гэта праз гаспадыню. Яна шчыра хацела, каб я заставаўся надоўга... А настаўнік — глупства. Хіба мала людзей, з якімі яна сустракаецца? Хіба можна раўнаваць да кожнага? Ды і наогул, што такое рэўнасць?..Трэба, каб была шчырасць, вера... А я... Пабег, як хлапчук... А потым раскіс перад першай сустрэчнай дзяўчынай... Сорам!»Ён доўга лаяў сябе. Падумаў нават аб тым, што, можа, яму варта ўцячы зараз жа, пасярод ночы, каб насаліць Любе — няхай не прываблівае! — і пакараць сябе: блукай уначы па незнаёмых дарогах, калі такі дурань!.. Але ў хаце застаўся партфель з дзённікамі. Нікому, акрамя Сашы, ён не мог іх пакінуць. Добра, што ў самым пачатку зачыніў партфель на замок і ключык схаваў у кішэню. Пятро знайшоў у цемры свой пінжак і памацаў, ці там ключык. Аднак і пасля таго, як пераканаўся, што ключык на месцы, супакоіцца доўга не мог: прычапілася думка — а раптам яны, Люба і гаспадыня, па жаночай цікаўнасці ўсё-такі адкрыюць як-небудзь партфель і прачытаюць дзённік?Непрыемная рэч гэтыя дзённікі! Пішаш шчыра, выстаўляеш сябе такім, які ты ёсць, — хаваешся з такім дзённікам, калоцішся, каб часам хто не прачытаў яго. Навошта ж пісаць? Пішаш няшчыра, прыхарошваеш сябе — даеш такі дзённік усім. Але зноў-такі навошта? Недарма людзі сталыя, з жыццёвым вопытам, вельмі рэдка вядуць дзённікі, а калі і робяць гэта, то пішуць не пра сябе, не пра свае пачуцці і перажыванні, а пра іншых людзей і пра розныя справы: мужчыны — пра дзелавыя размовы, жанчыны — пра сваіх дзяцей, пісьменнікі занатоўваюць трапныя словы, выразы, дэталі, нават цэлыя сюжэты.Пятро, хоць заснуў толькі на світанні, прачнуўся рана — разбудзіў шум дзіцячых галасоў. На другім баку вуліцы была школа. Ён успомніў, што сёння першае верасня, пачаліся заняткі. І хоць у яго быў яшчэ цэлы месяц вольны, ён адчуў: летні адпачынак скончыўся і сорамна яму зараз блукаць без работы, час пайсці дадому — памагчы бацькам у гаспадарцы, перапісаць справаздачу аб практыцы ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. Ён узрадаваўся такой думцы і прычыне, каб хутчэй пайсці адгэтуль. Але калі ён за снеданнем аб"явіў пра свой намер гасцінным гаспадыням, тыя страшэнна пакрыўдзіліся:— Як табе не сорамна, Пеця! Пабыў адзін вечар, і ўцякаць. А яшчэ казаў... Не, я проста не пушчу цябе, Пецечка, што хочаш. — Люба глядзела на яго такім закаханым позіркам, што ён збянтэжыўся і не мог настойваць на сваім. — Ты ж сам казаў: часу ў цябе многа і ты не ведаеш, што будзеш рабіць гэты месяц... Скажы, што табе не падабаецца ў нас?— Усё падабаецца, — адказаў ён, апусціўшы вочы ў талерку, дзе плавалі варэнікі ў масле.— Вы, Пеця, не крыўдзіце Любу, — падхапіла Маруся. — Яна і так, гаротная, засумавала тут адна. Яна сёння ўсю ноч заснуць немагла ад радасці, што вы прыйшлі... Хіба можна ад такой дзяўчыны ўцякаць?Люба чырванела ад задавальнення — любяць дзяўчаты, каб іх хвалілі! Пятро — ад прыкрасці за свае паводзіны і ад таго, што ён раптам, глянуўшы іншымі вачамі, убачыў, якая Люба непрыгожая: жоўтыя вочы, шырокія ноздры, вяснушкі на носе і пухлых шчоках, простыя і нейкія бясколерныя валасы.— А сумаваць ты ў нас не будзеш. Хочаш, давай па грыбы сходзім. У нас тут вельмі многа баравікоў. Ты любіш збіраць грыбы? Я дык страх як люблю! Пойдзем?