Трывожнае шчасце, частка 1
«Няхай спіць, яна змарылася за дзень, набегалася, — з пяшчотай, як аб дзіцяці, думаў ён. — Трэба і мне спаць. Спаць, спаць!»Але заснуць не ўдавалася. Ноч лезла ў пакой далёкім смехам дзяўчат, прыглушанымі пералівамі гармоніка недзе ў суседняй вёсцы, пахам кветак... І яшчэ адно дзіўнае адчуванне не давала заснуць — нейкая неасэнсаваная трывога, нібы перад навальніцай ці перад невядомай далёкай дарогай. Яна, гэтая трывога, была недзе ў самай глыбіні душы, пад шчасцем і захапленнем, але чым настойлівей ён змагаўся з бяссонніцай, тым часцей яна адгукалася ў сэрцы, нібы прабіваючыся на паверхню. Што гэта? Чаму гэта? Можа, зноў недарэчная рэўнасць, пра якую яму зараз сорамна ўспамінаць? Не. Гэта нешта зусім іншае. Ён успамінаў падзеі дня — што бачыў, з кім сустракаўся, пра што гаварыў... І раптам успомніў: нямецкая армія ўступіла ў Парыж. Пятро пачуў гэтую навіну па радыё ў сельсавеце. Прысутныя там старшыня, упаўнаважаны, настаўнікі выказвалі свае думкі наконт гэтай падзеі. Трывогі ніхто не выказаў, трывога, відаць, ва ўсіх засталася ў сэрцы і выявілася, як і ў яго, не адразу, а пазней, уначы, калі кожны застаўся сам з сабой. Там жа ўсё больш гаварылі пра немцаў, пра іх сілу і тэхніку:— Вось пруць, гады!— Сілішча! Што ты хочаш!— За дзень Галандыю, за другі — Бельгію... Ангельцаў у мора кульнулі.. .— Храновыя ваякі супраць іх... Каб стаялі насмерць — не ішоў бы так!— Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!— Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў... У немцаў танкі вунь усюды...— Не ў адной тэхніцы сіла... Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда...Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэтадалёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка — блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы — Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп"ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.За гісторыяй — літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым — Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча — балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з"явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»