Трывожнае шчасце, частка 1
Саша збянтэжылася і няўпэўнена сказала:— Знаёмцеся, Аня, гэта мой брат.Рук адно аднаму не падалі. Пятро разглядаў гаспадыню без асаблівай цікавасці. Яны сабраліся з Сашай пайсці пагуляць за вёску, далей ад людскога вока, і ён хацеў, каб хутчэй скончыліся ўсе гэтыя фармальнасці. «Гаспадыня як гаспадыня, і што ёй да ўсяго іншага?» — разважаў ён.Вусны жанчыны скрывіліся ў іранічнай усмешцы:— Брат?Нават пры слабым святле лямпы было відаць, як успыхнуў Сашын твар: яна ўспомніла, што яшчэ напачатку расказала гаспадыні ўсё пра сваіх сястру і малога брата, нават паказала фотакарткі. І яна ўдакладніла ўпаўшым голасам:— Стрыечны.— А-а, — працягнула гаспадыня і, схапіўшы дайніцу, выбегла зхаты.— Ты думаеш, яна паверыла? — спытаў Пятро, калі яны выйшлі на вуліцу.— Няхай. Я пасля раскажу ёй. Яна добрая. Абы маўчала цяпер. І каб дзеці не разносілі па вёсцы... Гэта такое радыё!..Яны мінулі крайнія хаты, прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя, і адразу апынуліся ў чыстым полі, залітым святлом поўнага месячыка.Ноч была ціхая, душная, і паветра моцна пахла пылам, узнятым адвячоркам збажыной і яблыкамі. Вёска стаяла сярод поля, блізка не было ні лесу, ні рэчкі, ні нават балот, калі не лічыць невялікай сажалкі на выгане. Але хаты танулі ў зеляніне садоў, якіх, на жаль, цяпер так мала — пасля ваенных пажараў.Калі адышлі далей ад вёскі, Пятро горача абняў Сашу і пацалаваў. Яна прымала яго пацалункі, як заўсёды: ніколі не цалавала сама, але ласкава абвівала рукамі шыю, прыціскалася, і ён чуў, як часта-часта пачынала біцца яе сэрца.— Сашок, каб ты ведала, як я сумаваў гэтыя тры месяцы! Як многа і хораша думаў пра цябе! А ты яшчэ здзівілася, што я прыехаў.Ты прачытаеш у дзённіку, як я перажываў...— О, пісаць ты ўмееш!— Ты не верыш мне? — прытворна пакрыўдзіўся Пятро. Яна ласкава дакранулася плячом да яго пляча:— Раскажы лепш, як вы там жылі, у Сібіры...Яны ішлі, узяўшыся за рукі, па палявой дарозе, і ён расказваў доўга і падрабязна. Саша маўчала.Пятро зноў з трывогай зазначыў, што ўсё-такі яна перамянілася — стала нейкая больш стрыманая, паважная. Ён разлічваў, што Саша пасмяецца з расказу аб тым, як у іх не хапіла грошай, каб прыехаць назад, і яны доўга вырашалі — што прадаць, і як прадавалі яго, Пятрову, аўтаручку, аднаго сябра чамадан, другога, самага багатага, пінжак. Але Саша не засмяялася. Яна сказала:— Ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе грошай. У мяне ўпершыню сабралася столькі — і пад"ёмныя, і зарплата!.. Не ведала, што з імі рабіць...Ніколі ране й яны не гаварылі пра такія рэчы, як грошы, і, безумоўна, ён нізавошта не адважыўся б прасіць іх у Сашы, калі б нават апынуўся ў самым цяжкім становішчы. А яна вось гаворыць так проста. І ў гэтым таксама відаць, што яна змянілася, але да лепшага ці да горшага такая змена — Пятро не мог вырашыць.Яму ўвесь час здавалася, што Саша не падобна да іншых дзяўчат, што яна асаблівая, і ён баяўся, што з гэтай «матэрыяльнасцю» яна страціць сваю незвычайнасць і стане, як усе. Але разам з тым ён адчуваў, што такая простая яе прапанова, як і тое, што перад тым яны сядзелі за адным сталом, неяк вельмі ўжо збліжала і радніла іх. Усё гэта было супярэчліва і неяк па-новаму хвалявала. Пятро забыўся на свой смешны расказ аб тым, як яны насілі на «таўкучцы» рэчы. Ды і Сашы, напэўна, было нецікава гэта, яна думала пра нешта сваё. Хвіліну яны маўчалі. Потым Саша сказала: