Сэрца на далонi, частка 4
Кiрыла хутка перасеў. Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамiлу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога - сiвога, сухога, з пакорлiва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць: - Таварыш маёр... Сербаноўскi спынiў яго знакам рукi: - Пасядзiце ў калiдоры. - Слухаюся, таварыш маёр! - Шчоўкнулi абцасы, бясшумна зачынiлiся дзверы. Стары, як бы раптам успомнiўшы, сарваў з галавы кепку: - Добры дзень, грамадзянiн следчы. - Добры дзень, - адказаў Сербаноўскi як быццам i ветлiва, але Шыковiч адразу адчуў знявагу i агiду ў яго голасе. Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукi за спiну. Шыковiч упершыню ўбачыў яго такiм - высокiм, стройным, паважным i нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмi патрэбную прафесiю. Ва ўсякiм разе, у гэты момант ён зусiм быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капiтана, якога Шыковiч некалi сустракаў на вулiцы i чамусьцi неўзлюбiў завочна, пакуль не пазнаёмiўся, не пачаў разам працаваць. - Сядайце, - паказаў Сербаноўскi арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя. Стары цяжка ўздыхнуў i сеў. Маёр прайшоў мiма яго i зайшоў з другога боку стала на сваё месца. "Няўжо гэты дзядуля сур"ёзны злачынца? - думаў Шыковiч, разглядаючы арыштаванага. - Такi бяскрыўдны твар. Тонкiя кiсцi, пальцы рук, як у музыкi. Няўжо з iнтэлiгентаў? Не, ёсць у iм нешта лакейскае. Хутчэй афiцыянт якi-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позiркамi. Ацанiў касцюм". Сапраўды, сiвы дзядуля прыкiнуў па адзенню: хто гэты другi - цывiльны цi пераапрануты чэкiст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра. - Грамадзянiн... - Сербаноўскi як бы забыўся прозвiшча i заглянуў у паперы, - Дымар-Сокалаў-Беразоўскi... Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвiшчаў ваша сапраўднае? - Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, - раздражнёна праскрыпеў стары. Сербаноўскi ўскiнуў галаву, сказаў: - Я прашу вас спакайней. - Ды я спакойны, грамадзянiн следчы. Я ўжо спакойны, - раптам скiс, згорбiўся арыштаваны, нахiлiўся, кранаючыся кепкай падлогi. - Чым вы займалiся да вайны, Дымар? - Рабiў закройшчыкам у атэлье, - У часе вайны? - Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялiчкую. - А яшчэ чым займалiся? - Эх, грамадзянiн начальнiк! - ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковiча. - Не абрыдла вам цягнуць адно i тое ж па дзесяць разоў? - Адказвайце на пытаннi! - Ну, выконваў некаторыя заданнi палiцыi, - глуха, у падлогу, адказаў Дымар. - Чые яшчэ заданнi выконвалi? - У СД не служыў! - пiсклява крыкнуў арыштаваны. - Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусiце! - Чакайце, чакайце. Не прыкiдвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносiны СД i палiцыi. I вам яны не горш вядомы. Якiя канкрэтна заданнi вы выконвалi? Прозвiшча выпала ў Шыковiча з галавы - эпiзадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамiнаць сотнi розных прозвiшчаў, беларускiх, расейскiх, нямецкiх. Але калi ён пачуў аб прафесii гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага: - Прабачце, Анатоль Барысавiч. Як iмя, iмя па бацьку арыштаванага? - Адказвайце, Дымар! - У вас жа запiсана. - Пытаюць у вас. - Назар Авяр"янавiч. - Гэты тып шпiёнiў за Ярашам, - сказаў Шыковiч маёру. Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковiча, якi задае пытаннi зусiм не прафесiйна. Значыцца, не чэкiст, не вышэйшы начальнiк. Хто ж? Сведка?