Сэрца на далонi, частка 4
Перадайце прывет Кiрылу Васiльевiчу... Дзякуй яму за тое, што ён зрабiў для мяне i асаблiва для памяцi бацькi майго. Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць i пацалаваць Вас. С.Савiч". Галiна Адамаўна глытала словы. Яна задыхалася. Спачатку захлынулася шчасцем. Потым у сэрца ўдарыла хваля ўдзячнасцi жанчыне, якую, дарэчы, так i не пабачыла. Цяпер яна разумела Зосю i... палюбiла ў адзiн мiг, як сястру. Безумоўна, тая кахала яе мужа i адчувала, што гэта можа прывесцi да няшчасця... А яна сама зведала няшчасце на поўную меру, таму i зрабiла так высакародна. Але, гэта высакароднасць! Сапраўдная. Без фальшу, без позы. Самаахвярная. Так магла зрабiць толькi жанчына, якая кахае гэтак жа моцна, як i яна, Галiна Адамаўна. Але цяпер у яе няма нi рэўнасцi, нi злосцi. Цяпер яна ўдзячна той, другой, i па-жаночы шкадуе яе. "Сапраўды, куды яна магла паехаць у такi час?" -Галiна Адамаўна глянула на акно, на шыбах якога мароз выткаў дзiвосныя ўзоры. Адчула холад. Яна не ўбачыла, як Антон сеў каля стала. Пачула яго словы: - Сорам! Якi сорам! - Ён цёр далоняй свой лоб. Цяпер Галiна Адамаўна i мужа цудоўна разумела i таксама пашкадавала. Падышла нячутна, цiха палажыла рукi на дужыя плечы. Памаўчала. Ён таксама нiбы стаiўся, нiбы чакаў, што ж будзе далей. - Табе цяжка? - Мне сорамна. - Ты кахаў яе? Ён перасмыкнуў плячамi, нiбы хацеў скiнуць яе рукi. - Зноў ты са сваiм глупствам. Ды зразумей ты нарэшце, што гэта недарэчна... - Словы такiя, што iх трэба было крычаць, а ён казаў цiха, стомленым абыякавым голасам. У яго бракавала сiлы абурыцца. Ды i навошта? Яна прыцiснулася шчакой да яго галавы, удыхнула знаёмы родны пах валасоў, i твар яе заззяў ад шчасця. - Каб ты ведаў, як я люблю цябе, ты не называў бы гэтага глупствам, ты разумеў бы... - Я ведаю, як ты любiш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабiлася разумная. - Любоў нiколi не бывае разумнай, - адказала яна старой кнiжнай iсцiнай. А яму гэтая сцёртая iсцiна чамусьцi здалася амаль адкрыццём. Ён падумаў: "А праўда, ёсць яна ў каго, разумная любоў?" Антону Кузьмiчу не зрабiлася непрыемна ад таго, што жонка лашчыцца. Наадварот, яму раптам чамусьцi захацелася ласкi. Ён узяў яе руку i прыцiснуў да сваёй шчакi. Галiна Адамаўна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць. Вось яна, яе перамога, яе шчасце. Ад такога раптоўнага шчасця бывае, што разрываецца сэрца. Яна баялася паварухнуцца, нiбы яно магло выпырхнуць, шчасце, цi выплеснуцца з сэрца. А яна даражыла кожнай кропляй яго. Яны доўга маўчалi. Кажуць, мозг выпраменьвае электрычныя iмпульсы. Каб яна мела здольнасць лавiць iх, то ўбачыла б, што яго мозг у той мiг быў радыётэлескопам, якi шукаў згубленую зорку. Дзе яна? Куды знiкла? Галiна Адамаўна спытала нарэшце: - Будзем абедаць? - Будзем абедаць. Яна адарвалася ад яго, адчынiла шуфляду серванта, выхапiла бялюткi абрус, узмахнуўшы, заслала iм стол. Антон Кузьмiч адышоў да акна. Жонка кiнулася на кухню, умiг вярнулася з талеркамi, прыборамi. Паставiла на стол i з пяшчотай у голасе сказала: - Мы не сустракалi Новы год. Антон Кузьмiч адказаў абыякава: - Не сустракалi... Ён не заўважыў, як яна знiкала i з"яўлялася зноў. Некалi ён любаваўся яе спрытнасцю ў дамашняй рабоце: усё гарэла пад яе рукамi. Цяпер ён думаў пра iншае, не задумваючыся, адказваў ёй. - У нас не крануты ўвесь навагоднi запас вiна. Што ты будзеш пiць? - Усё адно. - Шампанскае? - Не. Лепш каньяк. - Можа, паклiкаць Кiрылу? - Як хочаш. - Не. Я хачу быць з табой. Каб нiхто не перашкаджаў. Дзецi пайшлi на каток. Яны не паверылi, што ты так рана прыйдзеш.