Сэрца на далонi, частка 4
- Што ж вы першы не сказалi гэтага "а"? - ужо без ветлiвасцi, са злосцю спытаў Кiрыла. - Не меў такога факта. Казаў другiя. Не даказаў. Далi па мордзе. Ён жа, твой Сажань... Кiрыла падняўся: - Слухайце, я не ведаю, хто такi Сажань. - Не ведаеш? - з яўным здзекам перапытаў чалавек. - Не ведаеш, што гэта паважаны Сямён Парфёныч Гукан?.. - Гукан?! "Гукан! Гукан!" - загудзела, загукала, зашумела ў Шыковiча ў галаве, быццам запрацавала там магутная электронна-вылiчальная машына: яна ў адзiн мiг выцягнула з глыбiнь памяцi ўсе факты, якiя ён сабраў, па-новаму выстраiла iх зусiм у iншым парадку. Недзе на пабочных маленькiх клавiшах нехта выстукваў: - Мы калi яшчэ ў рабфаку разам вучылiся, то далi яму гэтую мянушку... У партызанах, калi хадзiлi на сувязь у горад, ён хацеў аднойчы выпiсаць пашпарт на Сажаня... Не хто другi, я адгаварыў яго. З тваiм ростам, кажу, выклiча падазронасць... Ён мне аддзякаваў пасля за ўсё... - Як ваша прозвiшча? - Ведаеш ты маё прозвiшча. Пiсаў... распiсваў з яго слоў... - Чалавек зноў як бы паставiў пячатку. Шыковiч напружваў памяць, але ўспомнiць не мог: у кнiзе дзесяткi прозвiшчаў людзей, якiх ён нiколi не бачыў у вочы. Па сутнасцi справы, яму трэба было ўзрадавацца, выказаць гэтаму чалавеку сваю думку пра Гукана, факт з яго пiсьмом у органы дзяржбяспекi наконт Зосi Савiч, запрасiць у сведкi, у памочнiкi па выяўленню поўнай iсцiны. Але нешта стрымлiвала. Што? Злосць гэтага чалавека, яго жаданне па-свойму расквiтацца з Гуканам. Для яго цяпер галоўнае не iсцiна, а помста. А Шыковiч ненавiдзеў людзей помслiвых. Таму сведка, якога ён падсвядома чакаў, стаў яму непрыемны. Кiрылу не хацелася заключаць з такiм чалавекам якi б нi было саюз. - Але, падрэзаў ты корань свайму дружбаку. - Наведвальнiку яўна прыносiла задавальненне пакатаваць, як ён, пэўна, лiчыў, неасцярожнага журналiста, нават голас яго палагаднеў. - Што вы хочаце рабiць? Ён адразу натапырыўся i таксама падняўся. - А гэта мая справа, што я буду рабiць. Карцiць даведацца? А? Не, цяпер вам з Гуканам не абяззброiць мяне! - Што датычыць мяне, то я асабiста нiкога не абяззбройваў. I не збiраўся гэта рабiць. Усё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб сказаць праўду пра людзей, якiя змагалiся... Сумленна... - Калi сказаць шчыра, то я i прыйшоў, каб сказаць вам за гэта дзякуй. - Не для вас я гэта рабiў! - Што-нiшто зрабiў i для мяне. Даробяць другiя. Усяго добрага. Кiрыла не стаў яго затрымлiваць: "Чорт з табой. Прозвiшча я тваё ўспомню. А не ўспомню - сам адгукнешся, вiдаць па ўсiм. З мяне даволi таго, што ты паведамiў. Гукан! Няўжо Гукан?" Ён колькi хвiлiн усхвалявана хадзiў па прасторным кабiнеце, пацiраючы лысiну, шчокi. Не ад радасцi. Не, якая там, да д"ябла, можа быць радасць, калi пухне галава! Як, чаму чалавек, якi шчыра ваяваў супраць ворага i, нягледзячы на ўсе свае недахопы i слабасцi, напэўна, мае шчырую веру ў нашы гуманныя iдэi, мог зрабiць вось так? Зося ж хадзiла каля яго, як каля хворага. Хавалi, ратавалi. Бацька ахвяраваў жыццём. Каму ж ён верыў, калi пасля ўсяго гэтага не паверыў у сумленнасць такiх людзей? Усеагульная падазронасць? Цi подласць? Кiрыла выскачыў у калiдор, узбег па крутой лесвiцы на гарышча. Там, у падстрэшшы, хавалiся рэдакцыйныя архiвы i была абсталявана фоталабараторыя. Загрукаў у дзверы лабараторыi. Адгукнуўся флегматычны голас: - Хто там? - Я, Шыковiч. Адчынi. Тэрмiновая справа. - Пачакай. Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа-хлопец, флегматык у працы i вiхор у гульнi, адчынiў дзверы сваёй "святой келлi".